Дадаць навіну
Серада, 22 жніўня 2018, 12:19

У Гродне з адбойнікам разабралі фрагмент «сцяны Вітаўта» ў Старым замку

Фрагмент сярэдняй вежы гродзенскага Старога замка з боку Нёмана разабралі ўвечары 8 жніўня. Гэтыя работы ўзгодненыя Міністэрствам культуры, піша Свабода.

Гісторык і краязнаўца Ян Лялевіч бачыў, як праводзіліся гэтыя работы. Ён расказаў, што разабралі не толькі частку савецкай муроўкі і польскай кансервацыі, але і фрагмент аўтэнтычнай сцяны часоў князя Вітаўта (XIV стагоддзе) прыкладна 0,5−1 метр вышынёй і 4 метры даўжынёй. Паводле яго, аўтэнтычны кавалак адрознівае цэгла брудна-жоўтага колеру, змацаваная вапнай.

Паводле гісторыка, яе здымалі з дапамогай адбойніка, прымацаванага да экскаватара. Праз гэты праём мусіць прайсці будаўнічая тэхніка, каб забіваць палі для ўмацавання схілу замкавай гары за абарончымі сценамі.

Гэтыя работы дазволеныя.

«Шкада, што Мінкульт узгадніў гэтыя работы. Гэта каштоўны аўтэнтычны фрагмент абарончай сцяны. У нас не так шмат замкаў, пабудаваных у XIV стагоддзі або раней. Іх можна пералічыць на пальцах адной рукі», — кажа Ян Лялевіч.

Вядома, што на месцы цяперашняй сярэдняй вежы пры Вітаўце была брама з уваходам у замак. Дзе менавіта, можна выявіць з дапамогай той старой муроўкі, якую пачалі разбіраць.

Чытайце яшчэ:  «Трэба скончыць вайну». У Гродне абмеркавалі рэканструкцыю Старога замка
Краязнаўца адзначыў, што навуковага кіраўніка рэканструкцыі Уладзіміра Бачкова і праектавальнікаў не было на месцы, калі разбіралі старадаўнюю муроўку.

Раней архітэктар інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алег Шымбарэцкі казаў Свабодзе, што на замку больш нічога разбіраць не будуць.

«Усё, што вы бачыце на сённяшні дзень, усё захоўваецца», — казаў 25 чэрвеня Алег Шымбарэцкі.

Сёння Шымбарэцкі паведаміў Свабодзе, што інфармацыя пра разабраную старажытную сцяну не адпавядае рэчаіснасці.

«Хто вам сказаў, што гэта сцяна XIV-XV стагоддзяў? — абурыўся Алег Шымбарэцкі, галоўны праектавальнік рэканструкцыі замка. — Гэта поўная лухта».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: