Фрагмент сярэдняй вежы гродзенскага Старога замка з боку Нёмана разабралі ўвечары 8 жніўня. Гэтыя работы ўзгодненыя Міністэрствам культуры, піша С**бода.
Гісторык і краязнаўца Ян Лялевіч бачыў, як праводзіліся гэтыя работы. Ён расказаў, што разабралі не толькі частку савецкай муроўкі і польскай кансервацыі, але і фрагмент аўтэнтычнай сцяны часоў князя Вітаўта (XIV стагоддзе) прыкладна 0,5−1 метр вышынёй і 4 метры даўжынёй. Паводле яго, аўтэнтычны кавалак адрознівае цэгла брудна-жоўтага колеру, змацаваная вапнай.
Паводле гісторыка, яе здымалі з дапамогай адбойніка, прымацаванага да экскаватара. Праз гэты праём мусіць прайсці будаўнічая тэхніка, каб забіваць палі для ўмацавання схілу замкавай гары за абарончымі сценамі.
Гэтыя работы дазволеныя.
«Шкада, што Мінкульт узгадніў гэтыя работы. Гэта каштоўны аўтэнтычны фрагмент абарончай сцяны. У нас не так шмат замкаў, пабудаваных у XIV стагоддзі або раней. Іх можна пералічыць на пальцах адной рукі», — кажа Ян Лялевіч.
Вядома, што на месцы цяперашняй сярэдняй вежы пры Вітаўце была брама з уваходам у замак. Дзе менавіта, можна выявіць з дапамогай той старой муроўкі, якую пачалі разбіраць.
[irp posts="74 699″ name=""Трэба скончыць вайну". У Гродне абмеркавалі рэканструкцыю Старога замка"]
Краязнаўца адзначыў, што навуковага кіраўніка рэканструкцыі Уладзіміра Бачкова і праектавальнікаў не было на месцы, калі разбіралі старадаўнюю муроўку.
Раней архітэктар інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алег Шымбарэцкі казаў С**бодзе, што на замку больш нічога разбіраць не будуць.
«Усё, што вы бачыце на сённяшні дзень, усё захоўваецца», — казаў 25 чэрвеня Алег Шымбарэцкі.
Сёння Шымбарэцкі паведаміў С**бодзе, што інфармацыя пра разабраную старажытную сцяну не адпавядае рэчаіснасці.
«Хто вам сказаў, што гэта сцяна XIV-XV стагоддзяў? — абурыўся Алег Шымбарэцкі, галоўны праектавальнік рэканструкцыі замка. — Гэта поўная лухта».