Адкрыццё самага буйнага сэканд-хэнда ў горадзе 10 жніўня выклікала ажыятаж у гродзенцаў. Чаргу ля ўваходу ў краму людзі сталі займаць яшчэ з вечара, а да адкрыцця набралася больш за 200 чалавек.
Прыцягнула гродзенцаў крама на вуліцы Паўднёвай не толькі сваімі маштабамі, але і акцыямі. Першай сотні кліентаў давалі падарункі, а таксама ля ўваходу ў краму працаваў бясплатны фудкорт.
Кірыл і яго сябры прыйшлі да сэканд-хэнда першымі. Маладыя хлопцы хацелі набыць у першую чаргу брэндавае адзенне.
«Так, мы ганяемся за шмоткамі і брэндамі, таму прыходзім сюды першымі. Былі каля крамы дзесьці ў 20:00, а ўжо да ночы сталі падцягвацца і іншыя людзі», — кажа Кірыл.
Да 23:00 ля сэканд-хэнда стаяла чарга каля 20 чалавек. У асноўным гэта моладзь. Раніцай да новай крамы прыйшлі і старэйшыя гродзенцы.
«Вы думаеце мы ад добрага жыцця тут стаім? Нам сорамна, што мы вымушаныя купляць вопратку ў такіх крамах. Вось да чаго дакаціўся беларускі народ», — сказала перад адкрыццём адна з пенсіянерак.
Адчынілі дзверы ў буйны сэканд-хэнд ў 9 раніцы і людзі паваліліся туды натоўпам.