Папулярны маладзёжны брэнд LSTR папрасіў прабачэння перад пакупнікамі, якія замовілі кеды з Ліды, але не змаглі купіць іх: прадпрыемства вырабіла толькі палову замовы. На фабрыцы патлумачылі, чаму так доўга робяць абутак.

Нагадаем, у маі 2018 мінскі брэнд адзення LSTR зрабіў калабарацыю з лідскімі кедамі: выпусціў бел-чырвона-белыя кеды з гербам «Калюмны». Стандартную назву мадэлі таксама абыгралі: ЛМ-17 ператварыліся ў ВКЛМ-17. Усю партыю раскупілі менш чым за суткі, а навіна пра кеды стала адной з самых папулярных у байнэце. Цяпер LSTR выпусцілі чарговую партыю гэтага абутку. Але іх няма ў крамах.

Кеды павінны былі з’явіцца ў продажы ад сённяшняга дня, паведамляў брэнд у сваім інстаграме. Але тыя, хто прыйшоў у крамы, расчараваліся — партыю з фабрыкі проста не прывезлі.

«Наш вялізны заказ ляжыць на Лідскай фабрыцы з канца траўня. Заказ павінен быў быць выкананы цягам трох тыдняў. Мы чакаем ужо больш за два месяцы; кіраўніцтва не выходзіць з намі на сувязь; толькі нейкімі неймавернымі высілкамі нам удалося дабіцца адгрузкі невялікай часткі замовы. Што будзе далей і ці будзе нешта ўвогуле — вялікае пытанне. Фабрыка працягвае ігнараваць нашыя тэлефанаванні», — напісана ў інстаграме LSTR.

Наплыў пакупнікоў за кедамі прадстаўнікі брэнду называюць «фантастычным». І абяцаюць у бліжэйшым часе расказаць больш пра не самы прыемны досвед супрацоўніцтва з лідскай фабрыкай.


LSTR і Лідская абутковая зноў выпусцілі кеды з «калюмнамі». Але іх немагчыма купіць


CityDog.by патэлефанаваў у аддзел маркетынгу абутковай фабрыкі. Спецыялістка па маркетынгу Юлія Бяляўская распавяла, што першая пробная пастаўка 30 пар была ў траўні. Цяпер для LSTR адгрузілі 209 пар, і яшчэ ёсць дзеючы заказ, каля 200 пар, але яны пакуль не выраблены — іх сшыюць і адгрузіць «недзе праз тыдзень-два».

— Пакуль немагчыма зрабіць хутчэй. Акрамя гэтай мадэлі ў нас вырабляецца яшчэ куча мадэляў, якія гандаль таксама хоча атрымаць. У нас ёсць некаторая чарговасць. Мы не можам проста так пасунуць іншых кліентаў, — патлумачыла Юлія Бяляўская.

Па аплаце заказаў да LSTR ў фабрыкі няма ніякіх прэтэнзій: брэнд пунктуальна робіць перадаплату перад кожнай адгрузкай.


На Лідскай абутковай фабрыцы выпусцілі кеды з гербам ВКЛ


— З нашага боку зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве з LSTR ёсць. Застаецца толькі даведацца ў іх, ці задаволеныя яны нашымі тэрмінамі. Тэрмін вытворчасці - мінімальна 20 дзён з моманту паступлення замовы. Я разумею, што людзі хочуць зрабіць грошы, але ў нас, на жаль, няма магчымасці зрабіць так, каб партыя сыходзіла з канвеера за адзін дзень, — рэзюмуе спецыялістка па маркетынгу.

Дарэчы, па словах Юліі, пасля таго як сумесна з LSTR выйшла чырвоная мадэль кедаў з «Калюмнамі», у абутковых крамах фабрыкі таксама зацікавіліся мадэллю ЛМ-17 чырвонага колеру і замовілі па пяць пробных пар на адзін памер. Але герба ВКЛ на задніку, натуральна, на іх няма: такія кеды можна купіць толькі ў LSTR.