Забег на 21,1 км з ліхтарыкамі пройдзе 4 жніўня ў парку актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп», паведамляе
БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

Такая доўгая дыстанцыя ўпершыню ўключана ў праграму «Гродзенскай начной дзясяткі», традыцыйнага бегавога спаборніцтва, якое праводзіцца на схілах гарналыжнага комплексу пад Гродна. Будуць і звыклыя дыстанцыі на 3, 333 км і 10 км.

«З кожным годам з’яўляецца ўсё больш жадаючых паўдзельнічаць у забегу», — адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму. Забег вядомы не толькі тым, што праходзіць пры святле зорак, але і тым, што ўдзельнікам трэба пераадолець сур’ёзны перапад вышынь — звыш 500 м.

Гэтая «Гродзенская начная дзесятка» абяцае быць адной з самых масавых: заяўкі на ўдзел падалі больш за 200 бегуноў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Харватыі. З іх 50 заявіліся на першы «Начны паўмарафон». На яго старт дапускаюцца толькі ўдзельнікі з ліхтарыкамі. Ім трэба будзе пераадолець дыстанцыю ў 21,1 км: гэта чатыры кругі амаль па 5,3 км. Прычым на роўную паверхню прыпадае каля 9 км, яшчэ па 6 км зоймуць уздымы і спускі.

Пераможцы будуць вызначацца сярод мужчын і жанчын ва ўзроставых катэгорыях да 39 гадоў і ад 40 гадоў. Традыцыйна ўсім, хто дабраўся да фінішу, будуць уручаны ўнікальныя медалі.

Як зарэгістравацца?

Пераходзьце на афіцыйны сайт www.grodnonightrun.by.

Як дабрацца?

Дабрацца да «Каробчыцкага Алімпу» можна будзе бясплатна з аўтавакзала Гродна (платформа № 18). Аўтобус варта шукаць па лагатыпе прабегу «Гродзенскай дзясяткі» на лабавым шкле.

Маршрут аўтобуса

4 жніўня (субота)

  • 18.00 — аўтавакзал, 18.05 — Савецкая плошча, 18.10 — Тытунёвая фабрыка — Каробчыцкі Алімп.
  • 19.00 — аўтавакзал, 19.05 — Савецкая плошча, 19.10 — Тытунёвая фабрыка — Каробчыцкі Алімп.

5 жніўня (нядзеля)

  • 01.00 — Каробчыцкі Алімп — філармонія — аўтавакзал.
  • 02.00 — Каробчыцкі Алімп — філармонія — аўтавакзал.

У колькі пачатак?

  • 18.00−21.30 рэгістрацыя і выдача стартавых пакетаў
  • 22.20 размінка і ўрачыстае адкрыццё
  • 22.30 агульны старт усіх дыстанцый (3333, 10 000, 21 097 метраў)
  • 00.00 узнагароджванне пераможцаў
  • 00.30 латарея сярод удзельнікаў

ХАРАКТЭРЫСТЫКІ ДЫСТАНЦЫЙ

Агульная адлегласць: 3333 м. Працягласць уздымаў: 1002 м. Працягласць спускаў: 1201 м. Роўнай паверхні: 1130 м. Агульны набор вышыні: 92 м. Агульная страта вышыні: 92 м. Пакрыццё: 90% - трава, 10% - грунт.

Агульная адлегласць: 10 км (3 кругі па 3333 м). Працягласць уздымаў: 3006 м. Працягласць спускаў: 3603 м. Роўнай паверхні: 3391 м. Агульны набор вышыні: 276 м. Агульная страта вышыні: 276 м. Пакрыццё: 90% - трава, 10% - грунт.

Агульная адлегласць: 21,1 км (4 кругі па 5275 м). Працягласць уздымаў: 6000 м. Працягласць спускаў: 6000 м. Роўнай паверхні: 9100 м. Агульны набор вышыні: 528 м. Агульная страта вышыні: 528 м. Пакрыццё: 50% - трава, 50% - грунт. Удзельнікі дапускаюцца на старт толькі з ліхтарыкам, які павінны прад’явіць пры праходжанні рэгістрацыі.