Гродзенец Андрэй Макараў 26 ліпеня выклаў у інтэрнэт відэа, у якім паказаў, чым засыпаюць крэйдавыя кар’еры на ўскраіне горада. Сярод будаўнічага грунту шмат бытавога і прамысловага смецця.
«Там не толькі будаўнічае смецце, але і пластык. Усё гэта ў будучыні ляжа на дно і ўмацуецца пластамі глебы, — кажа Андрэй. — Гэта будзе гніць вельмі доўга. Нейкія матэрыялы пад зямлёй наогул застануцца назаўждыі. Шчыра кажучы ўжо надакучыла змагацца з гэтым экалагічным бязладзем, але ў любым выпадку рука лісты пісаць не перастане. Якім чынам акрамя грунту, выпрацаванага пры будаўніцтве, сюды трапляе пластык, бытавыя і прамысловыя адходы — пытанне застаецца адкрытым?».
Засыпаць крэйдавыя кар’еры будаўнічым смеццем вырашыў Гродзенскі гарвыканкам 9 гадоў таму. У межах рэкультывацыі іх будуць засыпаць, пакуль вада не перастане выходзіць на паверхню.
Вада гэтых адпрацаваных кар’ераў непрыдатная для купання, кажуць эколагі. А будаўнічае смецце падзець няма куды. Да нядаўняга часу яго вывозілі за 30 кіламетраў, таму вырашылі зэканоміць. На месцы засыпаных кар’ераў могуць пасадзіць лес.