На тратуары па вуліцы Карбышава з’явіліся надпісы, якія папярэджваюць вадзіцеляў аб незаконнай паркоўцы. Іх каля нацыянальнага банка нанесла крэйдай веласіпедыстка.

Дзяўчына, якая вырашыла не называць сваё імя, распавяла Hrodna.life, што яна пастаянна ездзіць па Карбышава і там заўсёды стаяць машыны, якія парушаюць правілы дарожнага руху.

«Каля банка няма знака паркоўкі. З-за такіх вадзіцеляў мы — веласіпедысты — вымушаны ездзіць па праезнай частцы. Прыходзіцца з парушальнікамі змагацца рознымі спосабамі. Можа з дапамогай крэйды навучым іх адрозніваць элементы дарогі», — адзначыла дзяўчына.

Пасля таго, як дзяўчына нанесла каля машын надпісы, вадзіцелі транспарт у гэтым месцы ўжо не ставілі.

У Гродне ўжо спрабавалі змагацца з гора-паркоўшчыкамі. Некалькі гадоў таму невядомыя пакідалі на нумарных знаках і лабавых шклах няправільна прыпаркаваных машын запіскі.

СтопХам па-гродзенску. Як раварыстка крэйдай змагаецца з парушальнікамі паркоўкі