Сцяну, як мяркуецца, 12 стагоддзя, знойдзеную археолагамі каля Новага замка ў Гродне, кансервуюць — засыпаюць пяском. Раскрываць яе таямніцу пакінуць на будучыню. С**бода разбіралася, чаму важна адкапаць сцяну наноў.

Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

Наткнуліся падчас пракладкі цеплатрасы

Мур з плінфы і колатага каменю знайшлі археолагі з Нацыянальнай акадэміі навук два тыдні таму. Яны назіраюць за пракладкай цеплатрасы да Старога замка.

Вачам спецыялістаў адкрыўся фрагмент вугла сцяны: адзін бок большы за два метры, другі — каля аднаго метра даўжынёй.

Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

Падрабязна даследаваць пакуль не будуць

Цяпер знаходку кансервуюць: накрылі чорным спанбондам і засыпаюць пяском.

Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

Як расказаў С**бодзе навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Іван Спірын, так сцяна захаваецца і яе проста будзе знайсці пры наступных раскопках.

Археолагі мяркуюць, што муроўку варта вывучаць, але цяпер на гэта няма фінансавання. Ёсць спадзеў, што даследаванне правядуць падчас асобнай экспедыцыі, магчыма праз год.

Чытайце яшчэ:  "Муроўка XII стагоддзя - ужо сенсацыя". Чаму раскопкі ля Новага замка трэба абавязкова працягваць
Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

Царква, умацаванне гары ці нешта неверагоднае?

Дык што гэта за мур? Першапачатковая версія — Уваскрасенская царква.

Гісторык і археолаг Алесь Краўцэвіч дапускае такі варыянт, але з малой імавернасцю.

«Сцяна храма была б у тры разы таўсцейшая. Я раней знаходзіў развал Уваскрасенскай царквы ў іншым куце замка, бліжэй да драматычнага тэатра. Там былі тоўстыя блокі», — кажа С**бодзе Краўцэвіч.

Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

Больш праўдападобная версія, паводле Краўцэвіча, — сцяна мусіла ўмацаваць схіл Замкавай гары. Знойдзеная плінфа, хутчэй за ўсё, выкарыстаная ўпершыню. Яе, відаць, назапасілі для будаўніцтва праваслаўных цэркваў. Але чамусьці будаўніцтва спынілі: архітэктара забралі ў Кіеў або не хапіла грошай.

Да таго ж камяні ў сцяне не да канца апрацаваныя: колатыя, але не адшліфаваныя да люстраной паверхні, тлумачыць гісторык.

Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

Трэцяя версія — падмурак драўлянай пабудовы.

Але ўсё гэта толькі дапушчэнні, падкрэслівае адмысловец.

«Гэта не ўпісваецца ў нашыя веды!»

Гісторык Андрэй Чарнякевіч мяркуе, што сенсацыя ў тым, што аб’ект не ўпісваецца ў папярэднія веды, а яго вывучэнне зменіць уяўленне пра горад.

Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

«Калі гэта магла быць толькі Уваскрасенская царква, то не было б так цікава. Калі тут комплекс мураваных аб’ектаў, гэта пераварочвае нашае ўяўленне пра Гродна», — кажа гісторык.

Падобны фрагмент сцяны з цэглы знайшлі каля дзесяці гадоў таму падчас перакладвання камунікацый на ўчастку паміж замкамі. Гісторыкі звярталі ўвагу археолагаў на знаходку, але яе не зафіксавалі.

Што дало б даследаванне?

Гэтая сцяна можа даць адказ, адкуль у Гродне быў архітэктурны ўздым, адкуль браліся грошы, якую палітычную ролю адыгрываў горад. Раскопкі — магчымасць кампенсаваць недахоп пісьмовых крыніц, якія па гэтым часе фактычна адсутнічаюць, разважае Андрэй Чарнякевіч.

Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

У 1930-я гады адкрыццё Ніжняй царквы зрабіла сенсацыю, пасля якой Гродна пачалі называць наднёманскай Трояй або Вавелем.

«Гродна з места з цмянай гісторыяй з часоў ВКЛ ператварылася ў цэнтр старажытнай хрысціянскай цывілізацыі. Магчыма, сцяна на Новым замку дазволіла б назваць Гродна ўсходнееўрапейскімі Афінамі», — кажа гісторык.

Сценаў таго перыяду ў Беларусі знайшлі каля 20

Такія сцены можна сустрэць у Беларусі вельмі рэдка. Дзейных цэркваў таго перыяду ў Беларусі тры: у Полацку і Гродне. Археолагі знайшлі каля 20 сценаў ХІІ стагоддзя: у Полацку, Тураве, Навагрудку, Ваўкавыску, Гродне, Мінску, Смаленску. Амаль усе на паверхні зямлі не ацалелі.

Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

У ХІІ стагоддзі існаваў шэраг школ мураванай архітэктуры: Кіеўская, Чарнігаўская, Уладзіміра-Суздальская, Галіцка-Валынская, Наўгародская, Полацкая, Смаленская і Гродзенская. Унікальнасць апошняй у тым, што яна мае толькі 6−7 помнікаў.

«Адкрыццё зробленае з парушэннем норм аховы»

Алесь Краўцэвіч адзначыў, што на тэрыторыі замкаў у Гродне ніякіх будаўнічых работ, тым больш з выкарыстаннем тэхнікі, не можа весьціся, пакуль не папрацуюць археолагі.

Падземная сцяна 12 стагоддзя магла б перавярнуць уяўленне пра Гродна. Але яе закопваюць

«Адкрыццё зробленае з парушэннем норм аховы. Сцяну адкрылі экскаватарам. Гэта варварскі падыход», — упэўнены Краўцэвіч.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч накіраваў зварот у пракуратуру з просьбай правесці праверку выканання земляных работ на тэрыторыі замка.

Раскопвалі экскаватарам

Іван Спірын адказаў, што праверку на аб’екце яшчэ чакаюць. Адзначыў, што ў іх «усё ў парадку».

Археолаг патлумачыў, што выкарыстоўваць тэхніку нельга толькі на культурным слоі або археалагічным аб’екце. Тут, кажа, не археалагічныя, а суправаджальныя работы. Зверху пласт раней ужо капалі. Глыбіня трасы — два метры, а таўшчыня культурнага пласту каля 20−40 сантыметраў.

«Такія рэчы мы капаем экскаватарам. Мы вымушаныя так рабіць», — тлумачыць Іван Спірын.