На фестывалі SunDay-2018, які пройдзе 21 ліпеня пад Гродна, можна будзе ўбачыць сабраны з дзіцячага канструктара «Палессе» ў натуральную велічыню аўтамабіль Geely Atlas, піша autogrodno.by.

— Ідэя пабудаваць аўтамабіль для фестывалю SunDay нарадзілася два месяцы таму, — распавядае арганізатар фестывалю Міхаіл Кунцэвіч. — На словах здавалася ўсё проста, бо кожны з нас у дзяцінстве любіў збіраць канструктары. Але на практыцы задача стала архіскладаная. Мы нават звярталіся да спецыялістаў з Масквы, але ўвесь час сустракалі цяжкасці. Нечакана з’явілася ідэя звярнуцца да беларускай фабрыкі цацак «Палессе». І літаральна праз дзень з фабрыкі быў зваротны званок: «Мы справімся!»

На SunDay 2018 пакажуць Geely Atlas з канструктара "Палессе" - у натуральную велічыню

Работы па пабудове мадэлі пачаліся за месяц да фэсту. Пры гэтым у працу былі актыўна ўключаны дылеры Geely Гроднененской і Брэсцкай абласцей — кампаніі «Аўтамабільны дом» Кардэна" і «Аўтаномія».

— Каб рэалізаваць праект, на фабрыцы «Палессе» сабралі групу спецыялістаў, якія раней будавалі аб’ёмныя мадэлі. Але нічога падобнага ў нашым вопыце яшчэ не было. Спецыяльна для пабудовы Geely на фабрыцы зрабілі неабходную колькасць чырвонага, шэрага і чорнага канструктара, — кажа Сяргей Грыцук, намеснік начальніка аддзела продажаў фабрыкі «Палессе».

На SunDay 2018 пакажуць Geely Atlas з канструктара "Палессе" - у натуральную велічыню

У памяшканні, дзе стваралі мадэль, выставілі сапраўдны Geely Atlas. Ён быў неабходны для зверкі памераў.

Прэм’ера аўтамабіля адбудзецца 21 ліпеня на «IX Міжнародным аўтамабільным фестывалі SunDay».