На фестывалі SunDay-2018, які пройдзе 21 ліпеня пад Гродна, можна будзе ўбачыць сабраны з дзіцячага канструктара “Палессе” ў натуральную велічыню аўтамабіль Geely Atlas, піша autogrodno.by.

– Ідэя пабудаваць аўтамабіль для фестывалю SunDay нарадзілася два месяцы таму, – распавядае арганізатар фестывалю Міхаіл Кунцэвіч. – На словах здавалася ўсё проста, бо кожны з нас у дзяцінстве любіў збіраць канструктары. Але на практыцы задача стала архіскладаная. Мы нават звярталіся да спецыялістаў з Масквы, але ўвесь час сустракалі цяжкасці. Нечакана з’явілася ідэя звярнуцца да беларускай фабрыкі цацак “Палессе”. І літаральна праз дзень з фабрыкі быў зваротны званок: “Мы справімся!”

На SunDay 2018 пакажуць Geely Atlas з канструктара "Палессе" - у натуральную велічыню

Работы па пабудове мадэлі пачаліся за месяц да фэсту. Пры гэтым у працу былі актыўна ўключаны дылеры Geely Гроднененской і Брэсцкай абласцей – кампаніі “Аўтамабільны дом” Кардэна” і “Аўтаномія”.

– Каб рэалізаваць праект, на фабрыцы “Палессе” сабралі групу спецыялістаў, якія раней будавалі аб’ёмныя мадэлі. Але нічога падобнага ў нашым вопыце яшчэ не было. Спецыяльна для пабудовы Geely на фабрыцы зрабілі неабходную колькасць чырвонага, шэрага і чорнага канструктара, – кажа Сяргей Грыцук, намеснік начальніка аддзела продажаў фабрыкі “Палессе”.

На SunDay 2018 пакажуць Geely Atlas з канструктара "Палессе" - у натуральную велічыню

У памяшканні, дзе стваралі мадэль, выставілі сапраўдны Geely Atlas. Ён быў неабходны для зверкі памераў.

Прэм’ера аўтамабіля адбудзецца 21 ліпеня на “IX Міжнародным аўтамабільным фестывалі SunDay”.