Гродзенскі “Нёман” у рамках 17-га тура чэмпіянату Беларусі на сваім полі быў разгромлены “Слуцкам” – 0:3. Параза для каманды Ігара Кавалевіча стала трэцяй запар.

Чорная паласа ў жоўта-зялёных пачалася яшчэ ў канцы чэрвеня, калі гродзенцы на сваім полі ўмудрыліся ў канцоўцы матчу прапусціць два галы і згуляць унічыю з “Мінскам” 2:2. Пасля сталічнай каманды быў няўдалы выезд у Брэст, дзе “Нёман” прайграў гаспадарам з лікам 1:0. Праз тыдзень каманда Ігара Кавалевіча пацярпела буйную паразу ў Віцебску 5:1, а 20 ліпеня “Нёман” быў прыніжаны на родным стадыёне камандай са Слуцка.

Са слутчанамі “Нёман” пачаў вельмі добра і меў шэраг небяспечных момантаў. Дапамагаў лініі атакі Аляксей Лягчылін, які пасля доўгіх раз’ездаў вярнуўся ў родную каманду. Але справа да ўзяцця варот гасцей усё ніяк не даходзіла. “Слуцк” у сваю чаргу скарыстаўся памылкай у абароне гаспадароў і адкрыў лік на 42-й хвіліне.

Другі тайм “Нёман” таксама пачаў актыўна, але ў гульні гродзенцаў не хапала ўдараў. Атака гродзенцаў проста нічога не магла паказаць. Актыўнічаў на поле Мукам, але яго ўдары да варот таксама не даходзілі.

Чорная паласа працягваецца: "Нёман" у Гродне буйна саступіў "Слуцку"
Мукам рвецца да варот “Слуцка”

“Слуцк” працягваў гуляць у свой футбол і на 71-й хвіліне пасля чарговай памылкі абароны гродзенцаў павялічыў лік. Аўтарам другога мяча стаў Шыкаўка, яму ж удалося забіць яшчэ адзін мяч праз 10 хвілін. Пасля трэцяга прапушчанага гола нешматлікія гледачы, якія прыйшлі ў гэты вечар на матч у Гродне, ужо пакідалі трыбуны.

“Нёману” на родным стадыёне так і не ўдалося забіць нават гол прэстыжу, гродзенская каманда ў выніку пацярпела трэцюю паразу запар.

“Нёман” – “Слуцк” 3:0

Ігар Кавалевіч пасля матчу папрасіў прабачэння перад заўзятарамі:

“Хацеў бы папрасіць прабачэння перад заўзятарамі не столькі за паразу, колькі за гульню. Каманда паказала сябе бесхрыбетнай. Для мяне гэта як для трэнера дзіўна. Бо каманда і праяўляецца ў такіх сітуацыях крытычных. Гэта мая віна як трэнера. Трэба разабрацца ў калектыве. Ёсць моманты, якія мы абавязаны выправіць. Так гуляць перад сваімі заўзятарамі ў маю бытнасць трэнерам нельга, каманда не можа так гуляць. У бліжэйшых матчах мы сітуацыю выправім. Для таго, каб разабрацца, трэба ўсё асэнсаваць. Трэба пару дзён”.

Чорная паласа працягваецца: "Нёман" у Гродне буйна саступіў "Слуцку"
Аляксей Лягчылiн правёў свой першы матч пасля вяртання ў Гродна

Пасля паразы ад “Слуцка” гродзенцы засталіся на сёмым месцы ў турнірнай табліцы і маюць у сваім актыве 25 ачкоў.

Варта адзначыць што шэрагі гродзенскай каманды па пагадненні бакоў пакінуў нападнік Вячаслаў Глеб.

Чарговы матч у чэмпіянаце “Нёман” правядзе пасля перапынку – ён пройдзе ў Магілёве 17 жніўня.