17 ліпеня каля двух гадзін ночы паблізу вёскі Белюнцы Воранаўскага раёна (Гродзенская вобласць) памежнікі заўважылі свежыя сляды аўтамабільных шын. Машына рухалася ў бок літоўскай мяжы.
Неўзабаве знайшлі аўтамабіль УАЗ. Заўважыўшы набліжэнне памежнікаў, кіроўца падазронай машыны пачаў рух і паспрабаваў уцячы. Памежнікі намякалі, што нядрэнна было б спыніцца, аднак УАЗ працягваў уцякаць.
У выніку пачалася страляніна па аўтамабілі. Але нават з прастрэленымі коламі машына працягвала рух. Праўда, яе ўсё ж спынілі. Затрымалі дваіх беларусаў, а ў іх машыне знайшлі 55 тысяч пачкаў цыгарэт, паведамляе Дзяржпамежкамітэт. Цяпер кантрабандыстам пагражаюць буйныя штрафы.