У Гродне і рэгіёне 17 ліпеня ўвесь дзень ішлі дажджы. Навальніца абрынулася на абласны цэнтр ўвечары. «За 17 ліпеня ў Гродне выпала 33 мм ападкаў, што перавышае нават дэкадную норму ў 26 мм. Моцныя дажджы адзначаліся ў Наваградку (16 мм ападкаў) і Шчучыне (28 мм)», — адзначылі ў Гродзенскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя БЕЛТА.
Лівень у Гродне выклікаў цяжкасці ў руху адразу на некалькіх вуліцах. Падтопленымі апынуліся як магістралі, так і двары. Па дадзеных абласнога ўпраўлення МНС, людзі звярталіся па дапамогу ў адпампоўванні вады да ратавальнікаў і камунальных службаў.
Як паведамілі ў Гродзенскім абласным упраўленні МНС «Вячэрняму Гродна», на тэрыторыі вобласці былі зафіксаваны два выпадкі падзення дрэў на праезную частку — у Воранаўскім і Гродзенскім раёнах. Пацярпелых няма.
Акрамя таго, ратавальнікі дапамагалі ў адпампоўванні вады з затопленых домаўладанняў. Так, у вёсцы Рагачы Гродзенскага раёна адпампавалі ваду з падтопленых падвалаў у двух прыватных дамах. Непасрэдна ў Гродне работнікі МНС дапамагалі адпампаваць ваду з падтопленых падвалаў у 10 прыватных дамах. У той жа час спецыялісты ЖКГ правялі адпампоўку ў чатырох шматкватэрных дамах і трох прыватных.
На некаторых вуліцах з-за залевы былі перашкоды руху, піша «Гродзенская праўда».
Напрыклад, кальцо на вуліцы Перамогі так моцна раней не затаплівала. Аналагічныя эмоцыі ў тых, хто жыве ў раёне Суворава — увечары ў аўторак праехаць па кальцы было вельмі цяжка. Падзяліліся абурэннем і жыхары, па сутнасці, новых дамоў на Вольгі Соламавай — праезная частка практычна сышла пад ваду.
www.youtube.com/watch?v=gsUuqWLA9sU
— Праблема падтаплення вуліц актуальная не толькі для Гродна, але і для Брэста, Мінска і іншых буйных гарадоў. Яна ў асноўным ўласцівая тых участках, дзе ёсць вялікая плошча бетоннага пакрыцця. «Ліўнёўкі» ў цэнтры Гродна працуе добра. Але якой бы дасканалай яна ні была, справіцца з «залпавым» дажджом складана. Для параўнання: вада з напоўненай ванны сыходзіць не маментальна, а на працягу некаторага часу. Прыкладна такая сітуацыя складваецца, калі ідзе моцны дождж. Работнікі КУП «Рамбудаўтадар» да двух гадзін ночы адпампоўвалі ваду, вызваляючы праезд для аўтамабіляў, — пракаментаваў сітуацыю дырэктар КУП «Рамбудаўтадар» Віктар Левановіч.
Там падкрэслілі, што дажджлівае надвор’е захаваецца ў рэгіёне да канца тыдня. Моцных дажджоў не чакаецца.