Абласны суд падтрымаў касацыйную скаргу Вольгі Макарэвіч — маці хлопчыка-інваліда Максіма Макарэвіча. Прадпрыемства «Гроднапрамбуд», дзе працуе Вольга, цягам 20-ці месяцаў, ад прызнання яго інвалідам, у парушэнне закона не забяспечыла маці магчымасці атрымання сацыяльнай дапамогі, піша Беларускае Радыё Рацыя.

Паводле рашэння калегіі абласнога суда, рашэнне Кастрычніцкага раённага суда адносна іску Вольгі Макарэвіч адменена, а яе патрабаванні па кампенсацыі нявыплачанай дапамогі для сына-інваліда будуць задаволены за кошт прадпрыемства.


«Работнік прафсаюза дастаў Біблію і пачаў мне яе чытаць»: як у Гродне мама хлопчыка з рэдкай хваробай спрабуе дамагчыся праўды


— Я вельмі хацела выразіць удзячнасць абласному суду за тое, што яны шчыра і адказна разгледзелі маю справу. За тое, што максімальна ўспрынялі інтарэсы дзіцяці і дапамаглі абараніць гонар майго сына. Хацела таксама падзякаваць аблвыканкаму, а ў прыватнасці Лісковічу Віктару Андрэевічу за тое, што ён пасадзейнічаў у вырашэнні майго пытання, праваабарончым арганізацыям, усім СМІ і ўсім неабыякавым людзям, — кажа Вольга Макарэвіч.

— Суд апраўдаў мае спадзяванні, то бок ён кіраваўся заканадаўствам, якое дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь. Хутчэй за ўсё паўплываў чалавечы фактар, што дзіця з такім захворваннем. Што агулам датычыць інвалідаў - дзяцей і дарослых, то ў нас гэтаму надаецца вельмі мала ўвагі. Маці прайшла вельмі доўгі шлях, яна звярнулася да нас даволі позна. Калі б яна адразу звярнулася да нас, то мы б канешне атрымалі гэты вынік на пачатковым этапе, — кажа прадстаўнік абласнога таварыства інвалідаў Яўген Жукаў, які ў судзе прадстаўляў інтарэсы Вольгі Макарэвіч.