Юрыст з Варшавы Лукаш Мальчэўскі з’ездзіў у Беларусь па «бязвізе» і вельмі яе палюбіў. Але тое, што здарылася з былой рэзідэнцыяй караля Стэфана Баторыя ў Горадні, стала для яго шокам. Пра што ён і распавёў палякам. «Б****т» паразмаўляў з ім пра тое, як усё адбывалася.

— Калі ты ўпершыню трапіў у Горадню?

— Неўзабаве пасля таго, як пачаў дзейнічаць бязвізавы ўезд, я паехаў у Беларусь з чатырма знаёмымі. Усе мы цікавімся гісторыяй, архітэктурай і ўрбаністыкай. І падчас побыту мы зразумелі, што адных выходных на Горадню мала. Таму праз некалькі месяцаў мы прыехалі зноў.

Тады ад калегаў у Менску, Мікалая Воўкава і Змітра Савельева, я і даведаўся, што Стары замак часткова разбяруць, а на ягоным месцы мае паўстаць аб’ект, які створыць ілюзію замка XVI ст. Хоць якім дакладна быў той замак, мы не ведаем, бо захавалася ўсяго адна яго выява, ды і тая невыразная.

— Ты прыняў праблему так блізка да сэрца, што напісаў артыкул «Стары замак у Горадні - рэстаўрацыя шляхам разбурэння», які надрукаваў часопіс «Знаёмства з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі» («Spotkania z Zabytkami»). Артыкул ты даслаў у Міністэрства культуры Польшчы і ў парламенцкую групу ў справах Беларусі ў польскім Сейме.

— Зразумела, што аб’ект знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы і паўплываць на сітуацыю цяжка. Але вельмі важна дэманстраваць зацікаўленасць лёсам супольнай гісторыка-культурнай спадчыны і акрэсліваць сваё стаўленне да такіх сітуацыяў.

Польскі юрыст змагаецца за Стары замак у Гродне
Лукаш Мальчэўскі. Фота з яго архіву
Каштоўнасць Старога замку ў тым, што паміж Вільняй і Варшавай, ды і на тэрыторыі ўсёй Беларусі няма іншага будынку, у якім адбываліся падзеі, важныя для гісторыі як мінімум трох дзяржаваў. Я маю на ўвазе тры сеймы Рэчы Паспалітай. Памяць пра іх трэба захаваць. Ужо не кажучы пра тое, што замак быў каралеўскай рэзідэнцыяй.

Ягоную вартасць з пункту гледжання навукі і мастацтва цяжка пераацаніць. Гэта і будаванне самасвядомасці, і захаванне культурнай традыцыі, і культываванне гістарычнай памяці. А гістарычную памяць трэба ахоўваць цалкам, а не выбіральна. Бо гэта фундамент грамадства, незалежна ад краіны, у якой мы жывем.

Нельга пагадзіцца, калі з некалькіх стагоддзяў гісторыі абіраецца адна эпоха і ўсё іншае разбураецца толькі для таго, каб яе падкрэсліць, бо нехта так вырашыў. Такая маніпуляцыя — гэта падман, з якім нельга згадзіцца. Я разумею, што Стары замак выглядаў непрывабна, і яго трэба аднавіць. Але я лічу, што нельга прымаць план разбурэння аўтэнтычных муроў XVII ст., мэта якога — рэалізаваць фантазію аўтара праекту і зрабіць гістарычны аб’ект такім, якім ён ніколі не быў.

— Падобныя рэчы адбываліся падчас рэстаўрацыі замку ў Нясвіжы. І аўтар праекту быў той жа, што і ў Горадні, — Уладзімір Бачкоў. Ты сачыў за гэтай справай?

— Пра тое, што адбывалася ў Нясвіжы, я даведаўся, калі з’явілася інфармацыя, што замест таго, каб рамантаваць крыло, яго разабралі, а пасля пачалі адбудоўваць, каб яно выглядала падобна. Паколькі аб’ект быў у кепскім стане, замест даследаванняў і скрупулёзнага рамонту праблему «вырашылі» з дапамогай бульдозера. Знішчылі ўсе арыгінальныя слаі, сляды перабудоваў, рамонтаў і, мажліва, шматлікіх невядомых нам звестак пра тое, як цягам стагоддзяў змяняўся фрагмент галоўнай сядзібы самага ўплывовага роду Вялікага княства Літоўскага.

Польскі юрыст змагаецца за Стары замак у Гродне

Замест гэтага зрабілі муляж. Як у тэатры ставяць дэкарацыі, каб перанесці гледачоў у прыдуманы свет, створаны на сцэне. Напэўна, асобы, якія прынялі такое рашэнне, думаюць, што гісторыка-культурныя каштоўнасці - гэта сцэнаграфія, а грамадства — гледачы, якіх можна пераканаць, нібыта дрэвы на сцэне — сапраўдныя, а не зробленыя з паперы і пластыку.

Аўтары праектаў маюць сваё бачанне, а калі ім штосьці не пасуе або можа стаць прычынай вялікіх выдаткаў, перарабляюць будынкі, не зважаючы на тое, што тыя маюць па некалькі соцень гадоў. Для мяне гэта абсалютна варожы спосаб успрыняцця гісторыка-культурных аб’ектаў, надзвычай важным элементам якіх павінна быць іх аўтэнтычнасць. Калі будынак — гэта дакумент свайго часу, то яго аўтэнтычнасць сведчыць аб сапраўднасці гэтага дакументу.

— На жаль, першы этап рэстаўрацыі Старога замку ўжо не спыніць. Што яшчэ можна ўратаваць?

— Самы важны аб’ект на тэрыторыі Старога замку — гэта будынак, у якім месціцца музей, то бок так званы палац Баторыя. Цяпер ён не выглядае прывабна, таму прынята рашэнне вярнуць яму меркаваны папярэдні выгляд. Пад тынкам у значнай ступені маглі захавацца муры часоў Баторыя. Паводле ўступных даследаванняў, пад тынкам знаходзіцца сграфіта (від манументальнага жывапісу, калі верхні слой тынкоўкі прадрапваецца да наступнага слою, па колеры кантрастнага першаму — рэд.).

Польскі юрыст змагаецца за Стары замак у Гродне

Будынак маюць перарабіць падчас наступнага этапу, і таму трэба зрабіць усё, каб спачатку дакладна яго даследаваць. Найлепей, калі гэта зробіць міжнародны калектыў. І толькі пасля прыняць рашэнне, як яго рэстаўраваць. А не распачынаць працы, як у выпадку брамы, а пасля думаць: а ці раптам не разбураем мы муры XVII ст.

— А ў Польшчы табе даводзілася ратаваць гістарычныя будынкі?

Больш за дзесяць год таму я цікавіўся архітэктурай 1930-х гадоў. Тады ўстановы, якія займаліся рэстаўрацыяй, не надавалі шмат увагі будынкам у стылі мадэрн. Ім наносілі пашкоджанні, часта ненаўмысныя, бо людзі, якія іх рамантавалі, не ўсведамлялі іх мастацкай вартасці. Так з фасада банка ў Катавіцэ знікла скульптура ў стылі арт-дэка. Дзякуючы таму, што я звярнуўся да журналістаў, у гэтым і некалькіх іншых выпадках удалося вярнуць прыбраныя дэталі або прымусіць уладальнікаў рэканструяваць іх.

Таксама я пісаў заявы з просьбай узяць пад дзяржаўную ахову менш вядомыя будынкі, якія паўсталі паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі, і ўнесці іх у рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў. А аднойчы я звярнуўся з падобнай прапановаю ў дачыненні да рэштак замку ў Жэляхове, якія мой знаёмы знайшоў з дапамогай спадарожнікавай мапы. Я напісаў да галоўнага рэстаўратара, які адказваў за гэтую тэрыторыю, год таму правялі археалагічныя раскопкі, якія пацвердзілі, што там сапраўды знаходзілася рэзідэнцыя XV ст.

Польскі юрыст змагаецца за Стары замак у Гродне

— У Беларусі з гэтым не так проста.

— Ад людзей, якія цікавяцца тэмаю Старога замку, у Менску я даведаўся, што абмяркоўваецца дата візіту ў Беларусь польскіх мастацтвазнаўцаў. Ёсць шанец, што спатканне адбудзецца цягам некалькіх тыдняў і з беларускага боку ў ім возьмуць удзел асобы, якія прымаюць рашэнні адносна працаў, якія праводзяцца ў Горадні. Спадзяюся, што прапанову сустрэчы з польскімі навукоўцамі яны ўспрынялі пазітыўна, і ў выніку будзе прынята рашэнне аб супольных беларуска-польскіх даследаваннях у Горадні.

Ці прынясе гэтая сустрэчы нейкі добры вынік, пакуль казаць цяжка, але гэта быў бы вельмі добры пачатак і шанец для таго, каб на падставе ўзаемных рацыяў выпрацаваць кампраміс, які задаволіць усіх.


Сложно представить себе строительную площадку без использования бетона. Это основной строительный элемент, который зарекомендовал себя очень хорошо. Здесь вы можете приобрести бетон по очень низкой цене. Возможна доставка.