У Гродне ўпершыню адкрыты набор на спецыяльнасць «лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)» з першай кітайскай і другой англійскай мовай, перадае БелТА.
Рэктар ГрДУ Ірына Кітурка адзначае, што спецыяльнасць адкрыта ў сувязі з патрэбамі рэгіёну: у Гродзенскай вобласці наладжваюцца сувязі з Кітаем, у прыватнасці з правінцыяй Ганьсу, у рэгіён прыходзіць кітайскі бізнес, перспектыўным рынак Кітая выглядае і для гродзенскіх прадпрыемстваў. Аднак не хапае спецыялістаў, якія валодаюць кітайскай мовай.
У ГрДУ імя Янкі Купалы таксама ўпершыню адкрыты набор на спецыяльнасць «інфармацыйна-вымяральная тэхніка» на завочную скарочаную форму атрымання вышэйшай адукацыі. Адноўлены набор на спецыяльнасць «лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)» дзённай формы і «пачатковую адукацыю» завочнай формы навучання.
12 ліпеня ва ўніверсітэце стартаваў прыём дакументаў. Ад першых абітурыентаў дакументы прымалі ва ўрачыстай абстаноўцы. У гэтым годзе ўніверсітэт ажыццяўляе набор па 51 спецыяльнасці. План набору складае больш за 2,2 тыс. чалавек.