Гродзенка Сальвія Альховік нечакана нават для сямой сябе ўсталявала сусветны рэкорд па станавай цязе без экіпіроўкі ў вагавой катэгорыі да 44 кг. Гэта адбылося ў пачатку чэрвеня. А ў пачатку ліпеня дзяўчына падала дакументы на рэгістрацыю свайго выніку.

27-гадовая Сальвія працуе графічным дызайнерам у адной з гродзенскіх студый рэкламы. Тры разы на тыдзень дзяўчына стараецца наведваць трэнажорную залу. Два гады таму яна выступіла на сваіх першых спаборніцтвах.

Дзіўна выступаць адной у вагавай катэгорыі

У катэгорыі, у якой выступае гродзенка — 44 кг, у свеце наогул мала спартсменак. Сусветны рэкорд Сальвіі - 115 кг — быў пастаўлены ў пачатку чэрвеня 2018 года на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у Гродне. У падобных спаборніцтвах дзяўчына выступала трэці раз.

«Працаваць у станавой цязе я пачынала з 70 кг і нават не думала, што калі-небудзь буду выступаць на спаборніцтвах, — распавядае Сальвія. — І вось праз чатыры гады ў мяне сусветны рэкорд. Вядома, крыху дзіўна выступаць адной у вагавай катэгорыі, але працаваць з вагой мне падабаецца. Што тычыцца рэкорду, то так атрымалася, што я яго паставіла: 115 кг я падняла з другой спробы, а з трэцяй спрабавала ўзяць і 117, але ўжо нармальна выпрастацца не змагла».

Пра рэкорд даведалася пасля спаборніцтваў

Дзяўчына адзначае, што сусветны рэкорд ёй нічога не дае, але ён служыць бонусам, які можна будзе яшчэ доўга ўспамніць.

«Апошнія спаборніцтвы былі мне ў радасць, я ведала куды ішла і навошта, — кажа Сальвія. — Асноўная задача была — атрымаць званне майстра спорту міжнароднага класу, я яго атрымала. А вось сусветны рэкорд стаў для мяне прыемным бонусам пра які я даведалася толькі праз некалькі дзён пасля спаборніцтваў».


«Быць сабе сябрам, а не ворагам»: 5 гродзенскіх фітнес-прыгажунь дзеляцца сакрэтамі здароўя


Калі трэніроўкі будуць добра праходзіць у будучыні, то Сальвія плануе адправіцца на чэмпіянат свету па паўэрліфцінгу і палепшыць свае вынікі ў станавой цязе. Там у гродзенкі ўжо могуць з’явіцца канкурэнткі.


«Лекары забаранілі любыя нагрузкі. Але я вырашыў: усё роўна буду як Шварцэнэгер!«