Галоўны трэнер гродзенскага «Нёмана» Сяргей Пушкоў названы лепшым трэнерам Беларусі ў сезоне-2017/18 па выніках традыцыйнага апытання сярод журналістаў, праведзенага газетай «Прессбол».

Сяргей Пушкоў прызнаны лепшым хакейным трэнерам Беларусі другі год запар. Таксама пад кіраўніцтвам Пушкова «Нёман» другі раз запар стаў чэмпіёнам нацыянальнага першынства.

У гэтым годзе настаўнік гродзенцаў уваходзіў і ў штаб зборнай Беларусі на ЧС-2018 у Даніі. Пасля трох стартавых паражэнняў на турніры і адстаўкі канадца Дэйва Льюіса у штурвала нацыянальнай дружыны ўстаў Сяргей Пушкоў. Праўда, і яму не ўдалося выправіць становішча. Каманда пацярпела паразы ў 4 астатніх сустрэчах і ўпершыню за 15 гадоў пакінула элітны дывізіён чэмпіянату свету.

У апытанні прыняў удзел 51 спартыўны журналіст. Прапаноўвалася назваць трох, на іх думку, лепшых настаўнікаў. Падлік галасоў праводзіўся па традыцыйнай схеме: за першае месца прысуджалася 3 ачкі, за другое — 2, за трэцяе — 1.

54-гадовы пецябруржац Сяргей Пушкоў набраў у выніку 96 балаў (24 першых месца, 8 — другое, 8 — трэціх). Другое месца ў апытанні заняў галоўны трэнер юнацкай (U-18) зборнай Беларусі Павел Перапехін — 73 балы (12, 16, 5), трэцім стаў Андрэй Скабелка, які кіраваў у мінулым сезоне омскім «Авангардам», а сёння ўзначаліў «Барыс» з Астаны і зборную Казахстана. У яго актыве 52 ачкі (8, 9, 10).