У галандскім Арнеме з 5 па 9 ліпеня праходзіў чэмпіянат свету па ролер-спорту. У дысцыпліне батл гродзенская спартсменка Васіліса Маслава абышла ў фінале суперніц і стала чэмпіёнкай свету. Гэта першая перамога Беларусі на падобных спаборніцтвах.
У чэмпіянаце свету прымалі ўдзел спартсмены з 24 розных краін. Гродзенка выступала ў дзвюх дысцыплінах: класіка і батл. У першай Васіліса заняла шостае месца, а вось у другой ўдалося паспяхова выступіць.
У ¼ фінале Васіліса з барацьбой выйшла з другога месца, саступіўшы толькі расіянцы. У паўфінале гродзенка адкатала вельмі добра, і выйшла ў фінал з першага месца. Фінал апынуўся вельмі напружаным, але Маслава змагла ўсіх абыйсці.
«Калі я прайшла ў вялікі фінал, ужо была вельмі рада, што змагла справіцца з самой сабой. Перамога была нечаканай нават таму, што я не глядзела, як выступаюць суперніцы. Той момант, калі тваю руку ўздымаюць уверх — быў самым нечаканым і ашаламляльным. крывёю і потым у прамым сэнсе і пераносным ішла да гэтага свядома, але не думала, што змагу так хутка», — распавяла Васіліса.
https://www.instagram.com/p/Bk-zH5UlRjS/?taken-by=vasilisafreestyle
Перамога на чэмпіянаце свету стала першай не толькі для Васілісы, але і для Беларусі.
Васіліса Маслава жыве ў Гродне. Па адукацыі - лінгвіст, працуе ў школе. На ролікі стала больш за сем гадоў таму. Зараз яны сталі практычна справай жыцця. Васіліса займаецца фрыстайл-слаламам — катаецца пад музыку, выконваючы мастацкія элементы.
Васіліса — чэмпіёнка краіны, таксама была пятай на Чэмпіянаце Еўропы ў Парыжы. Дзякуючы ролікам, яна часта ездзіць за мяжу, спрабуе заваяваць новыя ўзнагароды, але больш за ўсё хоча развіваць фрыстайл-слалам ў Беларусі.