Роўна год таму ў Гродзенскім заапарку нарадзілася зубраня — першае за некалькі дзясяткаў гадоў. Папаўненне ў сям'і зуброў ва ўмовах няволі - з’ява незвычайная. Таму такая навіна ўзрадавала не толькі гарадзенцаў, але і жыхароў усёй краіны.

У пары Боры і Любава нарадзілася дзяўчынка. Пазней супрацоўнікі заапарка ўжо па традыцыі абвясцілі конкурс. Кожны наведвальнік змог сам прапанаваць, як назваць зубраня. У выніку ёй далі імя Бэла. Пакуль сям’я зуброў жыве ў Гродзенскім заапарку.

— Год для яе прайшоў у вельмі важных рэчах, — кажа Віталь Гуменны «Гродна Плюс», намеснік дырэктара Гродзенскага заапарка. — Яна вучылася самастойна жыць, арыентавацца, прывыкаць да заапаркаўскіх умоваў. Як мінімум яшчэ год яна будзе пры маме падрастаць, а потым будзем будаваць нейкія планы.