Да канца года плануюць адкрыць рух па ўсіх чатырох палосах на трасе М6, распавёў журналістам губернатар Уладзімір Краўцоў, піша «Вячэрні Гродна».
— Работы на галоўнай транспартнай артэрыі рэгіёну вядуцца па графіку. Ёсць участкі, дзе рух па чатырох палосах будзе адкрыта на працягу бліжэйшых двух месяцаў. Пастаўлена задача да канца года адкрыць рух на ўсім працягу трасы Мінск — Гродна, — адзначыў Уладзімір Краўцоў і падкрэсліў, што асноўны аб’ём работ будзе зроблены да канца года, а цалкам рэканструкцыя завершыцца да чэрвеня 2019 года.
Вызначаюцца крыніцы фінансавання рэканструкцыі яшчэ адной важнай аўтамагістралі - трасы М7 ад Мінска да Вільнюса. У планах — адрамантаваць больш за 220 км мясцовых дарог, уключаючы адрэзкі з мастамі. Працягваюцца экспертызы гэтых інжынерных збудаванняў як на рэспубліканскіх, так і на мясцовых дарогах. Запланавана будаўніцтва новых і рамонт існуючых мастоў. У прыватнасці, у бліжэйшы час намечана стварыць некалькі перапраў ў Навагрудскім раёне.
Раней абяцалі, што траса М6 будзе ўведзена ў эксплуатацыю да лістапада 2018 года. На трасе ўсталююць 8 новых датчыкаў кантролю хуткасці. Там жа з’явіцца першы падземны пераход для жывёл на трасе М6.