Каля шасці месяцаў доўжылася будаўніцтва невялікага ўчастка шасціпалоснай дарогі па вуліцы Айчыннай у мікрараёне Альшанка. Гэтая дарога стала новым уездам у горад з боку новага мікрараёна.
Афіцыйна дарогу ў Альшанцы адкрылі 29 чэрвеня. У адкрыцці прымалі ўдзел байкеры, будаўнікі, а таксама кіраўніцтва горада.
«Альшанка — гэта той раён, які сёння дынамічна развіваецца. Сем гадоў таму тут пабудавалі першы дом, без інфраструктуры і ўсіх зручнасцяў. Але ў апошнія гады для гэтага мікрараёна робіцца многае. Напярэдадні Дня незалежнасці, мы зрабілі чарговы падарунак — новы ўезд у горад», — сказаў на адкрыцці дарогі старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой.
Нагадаем, першы дом у мікрараёне Альшанка пабудавалі ў 2011 годзе. Шостая частка з запланаванай тэрыторыі там ужо амаль цалкам забудавана. Цяпер будаўніцтва ідзе ў мікрараёне Паўднёвы-3.