За лазневым комплексам на вуліцы Болдзіна з 29 чэрвеня пачынаюць працу адкрытыя тэнісныя корты з сучасным хард-пакрыццём. Новы спартыўны аб’ект будавалі больш за тры гады.
У будучыні на кортах змогуць займацца, як навучэнцы мясцовай тэніснай школы, так і звычайныя гродзенцы за арэнду. Гуляць можна будзе ў любы час сутак – маецца штучнае асвятленне.
“Вядома, горад мае патрэбу ў падобных пляцоўках. Калі мы хочам гадаваць чэмпіёнаў у тэнісе, то гэтаму спорту павінны надаваць вялікую ўвагу, – расказвае ветэран гродзенскага тэніса Дзмітрый Сахарчук. – Вось паклалі на Болдзіна сертыфікаваныя дываны, так ужо з парушэннямі – бачныя ўздуцці. Акрамя адкрытых пляцовак мы не павінны забываць і пра крытыя корты. Узімку дзецям і дарослым займацца проста няма дзе. Такая праблема існуе з абласных гарадоў толькі ў Гродне.

Улады запэўніваюць, што ўжо прыступілі да вырашэння гэтага пытання і ў бліжэйшыя некалькі гадоў пагуляць у тэніс у Гродне можна будзе і зімой.
На сённяшні дзень у горадзе ўжо маецца 15 летніх кортаў: школа №9 – 4, школа №39 – 2, школа №38 – 2, універсітэт ім. Янкі Купалы – 4, ЦСК “Нёман” – 1 і лазневы комплекс – 2. Усе корты можна браць у арэнду.