У вулічным кафэ “Губерня” на вуліцы Савецкай невядомыя скралі сцяг Расіі, а моцны вецер скінуў пудзіла дзіка-фаната, якое прыйшлося рэстаўраваць. Сцяг і пудзіла былі выстаўленыя, бо кафэ – папулярнае месца для прагляду матчаў чэмпіянату свету па футболе.
Супрацоўнікі кафэ распавядаюць, што ў іх кожны дзень праходзяць прагляды і заўсёды ёсць людзі, якія глядзяць футбол. Але прыходзяць і тыя, каму не надта падабаецца футбольная атмасфера.
“Кафэ ўпрыгожвалі да чэмпіянату свету. Расія – краіна гаспадыня і нам удалося знайсці сцяг гэтай дзяржавы, а таксама некалькі футбольных маек і шалікаў, – распавядае адна з прадавачак. – Але прыходзілі людзі, якія былі незадаволеныя, што мы вывесілі такую сімволіку. Адна жанчына наогул пераходзіла ўсе межы, мы гатовыя былі выклікаць на яе міліцыю. А пасля аднаго футбольнага вечара сцяг Расіі наогул скралі”.
Скрадзенаму сцягу знайшлі замену – павесілі сцяг Германіі, які прынеслі наведвальнікі. Ёсць толькі адна праблема – сцяг павесілі дагары нагамі.




