Ужо 30 чэрвеня ў Гродне ў другі раз пройдзе конкурс прыгажосці і талентаў сярод маленькіх жыхароў горада «Міні-міс і містэр Гродна – 2018». Пасля месяца ўпартай падрыхтоўкі дзеці гатовыя  прадэманстраваць свае таленты ў фінальным шоў.

Конкурсны выступ самых абаяльных і таленавітых гродзенскіх хлопчыкаў і дзяўчынак пройдзе ў Гродне ў другі раз. Сёлета ў новым месцы – маладзёва-забаўляльным цэнтры “Галактыка”.

“Міні-міс і містэр Гродна 2018”- гэта ўнікальны праект, у якім удзельнічаюць маленькія і таленавітыя жыхары Гродна, – распавядае арганізатарка конкурсу, Анастасія Комар. – На конкурсе сябры журы глядзяць на талент дзіцяці, яго прыгажосць і ўменне яе падаваць. Перад галоўным шоў усе нашы ўдзельнікі прайшлі месяц падрыхтоўкі з харэографамі: вывучалі дэфіле на сцэне, а таксама адточвалі свае творчыя нумары”.

Маленькіх міс і містэр Гродна выберуць 30 чэрвеня

У гэтым годзе ў фінальным шоў будзе 23 ўдзельнікі, узростам ад 8 да 10 гадоў (8 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак). Усяго ў кастынгу, які прайшоў у красавіку, бралі ўдзел каля 100 чалавек.

“Дзеці зараз вельмі нервуюцца, асабліва калі пачалося онлайн галасаванне. А бацькі яшчэ больш перажываюць за іх. На галоўным шоў пасля трох прадстаўленых нумароў, мы абярэм самых лепшых нашых дзетак. Усе яны прадставяць творчыя нумары, у якіх яны хочуць быць дарослымі і самастойнымі”, – дадала Анастасія Комар.

Квіткі на фінальнае шоў, якое пройдзе ў маладзёва-забаўляльным цэнтры “Галактыка” 30 чэрвеня, ужо ў продажы. Кошт 10 рублёў. Пачатак конкурса ў 15:00.

Маленькіх міс і містэр Гродна выберуць 30 чэрвеня