Красоўкі з геральдычным знакам «Колюмны» могуць быць не адзінай мадэллю з беларускай сімволікай, якую выпусцілі на Лідскай абутковай фабрыцы. Крыніцай цікавых ідэй можа стаць, напрыклад, вялікая разнастайнасць беларускіх арнаментаў.
У канцы мая на Лідскай абутковай фабрыцы адгрузілі ў Мінск 30 пар красовак новай мадэлі. Навінкай былі красоўкі чырвона-белай расфарбоўкі з гербам ВКЛ «Калюмны» на задніку. За аснову была ўзятая класічная мадэль «паўчаравікі ЛМ-17», якая выпускаецца на Лідскай абутковай фабрыцы больш за 30 гадоў. Новы дызайн літаральна змяніў легендарны выраб абутнікоў.
Партыя ў двух памерных шкалах – мужчынскай і жаночай – была адшыта ў эксперыментальным цэху прадпрыемства па замове беларускага маладзёжнага брэнда LSTR. У першы ж дзень продажу за некалькі гадзін усё раскупілі, а красоўкі пачалі бурна абмяркоўваць у інтэрнэце.

– Наколькі нам вядома, брэнд LSTR не выключае, што размесціць у нас яшчэ адзін заказ на выраб гэтай мадэлі. Другая партыя можа быць значна большай, можа, некалькі сотняў пар. Не выключана, што ў гэтай партыі будуць красоўкі не толькі чырвоных, але і іншых колераў. Усё астатняе ў дызайне захаваецца, – расказалі «Лідскай газеце» на абутковай фабрыцы.
Пасля нечаканага поспеху ў крамах брэнда да Лідскай абутковай фабрыкі сталі звяртацца за пастаўкамі з розных гандлёвых арганізацый. Калі раней яны “асцярожнічалі” з выбарам колеру і “разыначак”, то цяпер гатовы да эксперыментаў.
– Трыццаць пар для нашага прадпрыемства – гэта нязначны аб’ём. У месяц фабрыка выпускае ў сярэднім 30-35 тысяч пар абутку. Пяцьдзясят пар – гэта мінімальная партыя, на выпуск якой мы звычайна пагаджаемся, каб, уключаючы расходы на яе транспарціроўку, не апынуцца ў страце. Так што казаць аб рэальным поспеху ці прарыве можна было б, калі б за суткі разышліся сотні, тысячы пар.