Ігар Кавалевіч, галоўны трэнэр гродзенскага футбольнага клубу «Нёман», выйшаў на матч з «БАТЭ» 17 чэрвеня ў майцы з гербам «Пагоня». Заўваг ад кіраўніцтва ён не атрымаў.
«Нёман» гуляў з чэмпіёнамі краіны на хатнім полі. Заўзятары заўважылі на рукаве жоўтай майкі-пола Ігара Кавалевіча нашыўку з нацыянальным гербам. На чырвоным фоне відаць белую выяву вершніка і надпіс «Belarus».
Ігар Кавалевіч расказаў С**бодзе, што майку яму падарылі каля месяца таму аматары футболу з Віцебску. Ён гуляе за віцебскую аматарскую футбольную каманду «Зграя».
«Я сем гадоў адпрацаваў у Наваполацку (ФК „Нафтан“). Там у мяне засталіся сябры. Часам гуляю разам з імі, наступны матч — 2 ліпеня», — кажа трэнэр «Нёмана».
Прыгожы сымбаль
На афіцыйную гульню Ігар Кавалевіч надзеў падораную цішотку ўпершыню. Для яго герб «Пагоня» — гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі.
«Я беларус. Гэта культурна-гістарычная спадчына Беларусі. Вы не блытайце маю майку з палітыкай. Гэта прыгожая жоўтая майка, якую падарылі сябры, прыгожы сымбаль», — тлумачыць Кавалевіч.
Заўзятары пачалі перажываць, што трэнэру «за самадзейнасьць» могуць зрабіць заўвагу. Аднак ён сам адзначыў, што прэтэнзій з боку кіраўніцтва да яго не было. Дый ён не разумее, за што.
«Чаму мне павінны рабіць заўвагі, калі Пагоня афіцыйна дазволеная Саветам Міністраў з 2007 году? Няўжо яна нясе агрэсію? Гэта проста гістарычны знак», — здзіўляецца Кавалевіч.
Гульня скончылася з лікам 2:3 на карысьць «БАТЭ». Барысаўская каманда забіла вырашальны гол на апошняй хвіліне асноўнага часу.
Наконт гульні ў трэнэра «Нёмана» змешаныя пачуцьці: добрыя ад барацьбы, прыкрыя — ад прайгранай канцоўкі.
«Думаю, пасля гэтага матчу мы будзем толькі мацнейшымі. Памылкі ва ўсіх бываюць. Мы выцягнулі шмат матчаў на апошніх хвілінах. Праз усё трэба прайсці, у тым праз такую паразу», — мяркуе трэнэр.