Гродзенскія “Варвары” на сваёй пляцоўцы ў нязелю 18 чэрвеня правялі апошні матч рэгулярнага чэмпіянату Беларусі і саступілі з буйным лiкам мінскім “Літвінам”. Матч у Гродне быў апошнім у чэмпіянаце, далей каманд чакае плэй-оф.
Вынік у Гродне быў чаканым, бо ў госці да “Варвараў” прыехала самая моцная каманда чэмпіянату.
“Варвары” – “Літвіны” – 0:49
“Узровень каманд адлюстроўвае лiк. Нічога тут не скажаш, – кажа галоўны трэнер “Варвараў” Аляксей Серабракоў. – Нам у сваю чаргу трэба трэніравацца і імкнуцца паказваць той узровень, які паказваюць “Літвіны”. На матч у Гродне некаторых гульцоў мы не выстаўлялі, бо ён практычна нічога ўжо не вырашаў і перамога мінчан была чаканая. Таму далі магчымасць паспрабаваць свае сілы пачаткоўцам. Далей нас чакае плэй-оф”.
У “Варвараў” паўфінал пройдзе ў Мінску з “Літвінамі” 30 чэрвеня. А фінал і матч за трэцяе месца ў чэмпіянаце пройдуць у Гродне на асноўным полі ЦСК “Нёман” 22 ліпеня.
Верагодней за ўсё “Варвары” будуць змагацца за трэцяе месца з віцебскімі “Рысями”. А “Літвіны” і “Ураганы” будуць бiцца за Кубак краіны. Але не будзем забягаць наперад.