У канцы матча Нёмана супраць БАТЭ фанаты гродзенскага клуба разгарнулі транспарант памерам у цэлы сектар. “20yrs Hrodna fans. To be continued”. Такім чынам заўзятары падтрымалі гульцоў Нёмана на адказным матчы і адзначылі юбілей фанацкага руху.
“Фан-дзвіж у горадзе існаваў і раней, але ў пэўны час здарыўся вялікі перапынак – фанацкага сектара не было ўвогуле. У 1998 годзе мы пачалі зноў арганізоўвацца і зараз адзначаем 20-годдзе, – распавёў прадстаўнік гродзенскіх фанатаў Віталь Будзько. – Гэта наша свята”.

З яго словаў, сярод фанаў “Нёмана” ёсць самыя розныя людзі. Іх аб’ядноўвае любоў да свайго клуба і свайго горада.
“Мы любім “Нёман”, бо ён заўжды змагаецца да канца. Гэта заўзенне не проста за футбол, а за сваю малую радзіму”.
“Трохі скептычна стаўлюся да тых, хто падтрымлівае моцных – Германію ці “Рэал”. Гэта проста заўзенне за паспяховых. А мы заўзеем за сваіх”.

Што да прадстаўленняў на трыбунах, то яны ўжо робяцца ў Гродне традыцыйнымі. Пачатак сёлетняга сезона фанаты адзначылі перформансам, прысвечаным стагоддзю БНР.











