На “Маршы роўнасці”, які пройдзе ў Кіеве 17 чэрвеня, чакаецца каля 5000 удзельнікаў і столькі ж паліцэйскіх, якія будуць ахоўваць парадак. Для бяспекі будзе перакрыты цэнтр горада, не будуць працаваць тры станцыі метро. Карэспандэнт Hrodna.life трапіў у Кіеў напярэдадні падзеі, паглядзеў, як выглядае цэнтр горада, ды спытаўся ў мінакоў, што яны думаюць пра такія сродкі бяспекі.
Марш у падтрымку ЛГБТ-супольнасці ў Кіеве традыцыйна патрабуе аховы. У мінулыя гады радыкальныя актывісты заўсёды спрабавалі сарваць акцыю ці перашкодзіць руху калоны, адбываліся бойкі. Таму і гэтым разам, каб гарантаваць бяспеку ўдзельнікаў маршу, будзе задзейнічана ўся патрульная паліцыя Кіева і дадаткова – байцы нацгвардыі.
Тры станцыі кіеўскага метро: “Тэатральная”, “Плошча Льва Талстога” і “Палац спорту” – будуць закрытыя з 6.00. Загадзя, ужо з 22.00 папярэдняга дня, па трасе праходу маршу абмежаваны рух – прайсці могуць толькі жыхары цэнтра горада.
Жыхары Кіева, якіх увечары 16 чэрвеня сустрэў у цэнтры горада журналіст Hrodna.life, не надта радаваліся з абмежавання руху. Таксіст Андрэй наогул выказаўся нецэнзурна ды парадаваўся за Беларусь, дзе “такога няма”.
Між тым, колькасць удзельнікаў маршу ў Кіеве штогод павялічваецца. Летась быў пастаўлены чарговы рэкорд – больш за 3000 чалавек. Сёлета рэкорд можа абнавіцца – чакаецца ўдзел ажно 5000 чалавек.







