Каміл і Марта з польскага горада Катавіцэ падарожнічаюць па Еўропе на класічным хіпарскім “фальсквагене-агурку”. 12 чэрвеня пара па бязвізу наведала Гродна. І адразу сабрала вакол сябе шмат цікаўных.
Каміл і Марта ўпершыню прыехалі ў Беларусь. За некалькі дзён яны хочуць пабачыць асноўныя гарады заходняй Беларусі – Гродна і Брэст.
“Мы толькі прыехалі ў Гродна і тут нам ужо падабаецца, – распавядае Каміл. – Людзі ўсміхаюцца і кожны хоча нам чымсьці дапамагчы. Раней мы падарожнічалі па заходніх і паўднёвых краінах Еўропы. Былі ў Германіі, Францыі, Харватыі, Венгрыі і іншых месцах”.

Мяжу праехалі з усмешкай
Два дні пара будзе ў Гродне, а пасля адправіцца ў Літву на з’езд аматараў рэтра-аўтамабіляў. Адтуль палякі праз Сувалкі паедуць на дзень у Брэст.
“Беларускую мяжу мы праехалі з усмешкай на твары, нават памежнік падбег нас фатаграфаваць, – распавядае Марта. – Так што праблем з перасячэннем мяжы не было. На беларускім баку нават падабралі спадарожніка і завезлі яго ў цэнтр Гродна. На развітанне ён у нас распісаўся ў грузавіку. Машына наша цікавая і аформлена ў хіпі-стылі. У Польшчы такія фургоны Volkswagen T2 1970-х гадоў называюць агуркамі”.

Машына цалкам прыстасаваная да сучасных умоваў і доўгіх паездак.
“Калі мы падарожнічаем, то заўсёды спім на прыродзе ці ў машыне, але ў Гродне па ўмовах бязвіза прыйшлося заказваць апартаменты. Але гэта не сапсуе наш адпачынак у Беларусі”, – дадаў Каміл.
У будучыні пара хоча аб’ехаць усю Беларусь – ужо з візай, каб начаваць на адкрытым паветры.



