Пасля трох гадоў існавання  Музея праса яго ўладальнік,  Аляксандр Шпакоўскі,  афіцыйна абвясціў пра закрыццё. У бліжэйшы час унікальная калекцыя з 600 прасаў пераедзе ў Ліду і Мінск.

Апошнія некалькі месяцаў Аляксандр Шпакоўскі рэгулярна казаў, што з-за цяжкасцяў закрые свой музей і прасіў гарадскія ўлады аб падтрымцы. Калекцыянер распавядаў, што арэнда і іншыя выдаткі штомесяц адбіраюць шмат грошай і ён не паспявае зарабляць, як зноў даводзіцца плаціць.

“Музей прыраўнялі да бізнэсу і існаваць у такіх умовах я не мог, – распавядае Аляксандр. – Зараз я ўжо дакладна зачыніўся. У цэнтры Гродна мы прапрацавалі 2.5 гады, а паўгода рыхтавалі памяшканне і экспазіцыю. Так, дзесьці мы былі разыначкай нашага горада , але ў цэлым гэта безнадзейная трата часу. Як я зразумеў, мясцовая ўлада не зацікаўлена ў існаванні маёй установы”.

Не збераглі: музей праса ў Гродне афіцыйна закрыўся
Музей праса ў Гродне меў каля 600 розных прасаў

Частка калекцыі Музея праса паедзе ў Ліду ў маёнтак Дворышча, іншая частка адправіцца ў цэнтр Мінска.

“Людзі якія зацікаўлены ў нашай калекцыі, бяруць на сябе ўсе выдаткі і рэкламу. Ад мяне патрабуецца толькі прадастаўленне экспазіцыі, – кажа Аляксандр. – Мяне гэта цалкам задавальняе. Калі нашаму гораду нічога не трэба, няхай тады людзі ў іншых гарадах карыстаюцца калекцыяй і прыцягваюць турыстаў”.

Нагадаем, яшчэ ў пачатку зімы  Гродзенскі гарвыканкам каментаваў, што правілы арэнды ў Беларусі для ўсіх аднолькавыя. Для  Музея праса прымяняўся мінімальны каэфіцыент арэнды, каб неяк дапамагчы існаваць. Камунальныя паслугі, электрычнасць і ацяпленне арандатар павінен плаціць самастойна. Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой казаў, што горад зацікаўлены ў Музеі праса і абяцаў разабрацца ў праблеме. Але, мабыць не атрымалася.

Сам калекцыянер Аляксандр Шпакоўскі плануе з’ехаць за мяжу і  заняцца бізнэсам там.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы