Рэстаўрацыя статуі Ісуса Хрыста, якая знаходзіцца ля цэнтральнага ўваходу ў Фарны касцёл, пачалася 5 чэрвеня. Плануецца, што працы зоймуць каля двух тыдняў.

Са скульптурай, якой ужо больш за 100 гадоў, працуе рэстаўратар Ігар Тапчылка. Ён ужо аднаўляў некаторыя вонкавыя скульптуры Фарнага касцёла. Падчас падрыхтоўчых работ майстар зняў некалькі слаёў фарбы са статуі і ўбачыў праблемныя месцы.

«Мы думалі, што скульптура каменная, але, як апынулася, яна была зроблена з іншых матэрыялаў, у якія ўваходзяць гіпс, вапна і шмат іншых кампанентаў, — распавядае Ігар. — Сапраўдная рэстаўрацыя статуі, мне здаецца, была вельмі даўно — гэта працаёмкі працэс. А так у асноўным ўвесь час падфарбоўвалі. Сёння ў нашых планах — зрабіць новую правую кісць статуі, бо яна была драўляная і за гады ўся стлела, заладзіць расколіны і пафарбаваць».

Даведка

Статуя Хрыста з крыжам з’явілася ля ўваходу ў Фарны касцёл, як мяркуецца, у 1900 годзе. Пад ёй быў выбіты надпіс на лацінскай мове «SURSUM CORDA», у перакладзе «Узнясём сэрцы». Першапачаткова фігура Хрыста была павернутая ў іншы бок — спіной да плошчы. Верагодна, па загадзе царскіх уладаў. Гэта добра відаць на старых фотаздымках. У 1925 годзе пры польскай уладзе яе пераставілі тварам у іншы бок. Ужо ў савецкія гады, на думку старажылаў, пацярпела правая кісць статуі, якую пасля выразалі з дрэва.

Вядома, што гродзенская скульптура Хрыста з’яўляецца амаль дакладнай копіяй варшаўскай статуі, якая з’явілася перад уваходам у базыліку святога Крыжа ў Варшаве ў сярэдзіне XIX стагоддзя.