Сяргея Раўнейку затрымалі за вымагальніцтва і атрыманне хабару ў памеры 200 тысяч долараў, паведамляецца на сайце КДБ Беларусі. Цяпер ён у «амерыканцы» дае прызнальныя паказанні.

Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў дачыненні да памочніка прэзідэнта паручыў правесці сам кіраўнік дзяржавы.

У поле зроку аператыўных падраздзяленняў Сяргей Раўнейка трапіў больш за год таму. Тады з’явілася інфармацыя пра неаднаразовыя факты атрымання хабараў ад розных асобаў за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, паведамляе прэс-служба КДБ.

З санкцыі Кіраўніка дзяржавы праведзены аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па дакументаванні супрацьпраўнай дзейнасці службовай асобы. Пры атрыманні чарговага хабару ён затрыманы з грашыма ў руках.

У дачыненні да Сяргея Раўнейкі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 430 КК Беларусі, санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў.

Падазраваны змешчаны ў СІЗА КДБ Беларусі і дае прызнальныя паказанні.

Цяпер праводзяцца неабходныя аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні, накіраваныя на ўсталяванне ўсіх фактаў і ўдзельнікаў супрацьпраўнай дзейнасці.

Сяргей Раўнейка быў прызначаны на пост памочніка прэзідэнта амаль тры гады таму, улетку 2015 года.