Першы рэйс у Турцыю ў сезоне 2018 адляцеў з аэрапорта Абухава каля Гродна 30 мая. У Анталію ляцяць 152 пасажыры, улічваючы дзяцей. Ужо праз 2,5 гадзіны яны будуць на месцы адпачынку.
Чартары ў балгарскі Бургас і турэцкую Анталію лётаюць з Гродна летам цягам апошніх некалькі гадоў. Boeing 737-300, які абслугоўвае гэтыя рэйсы, змяшчае 148 чалавек. Звычайна ён запоўнены цалкам.
З 5 чэрвеня 2018 года маюць аднавіцца рэгулярныя рэйсы па маршруце Калінінград — Гродна — Калінінград. Яны будуць ажыццяўляцца двойчы на тыдзень па аўторках і пятніцах. На гэтым напрамку выкарыстоўваюцца самалёты CRJ-200, якія дазваляюць перавозіць 50 пасажыраў.
Як расказалі Hrodna.life пасажыры першага рэйсу, умовы ў гродзенскім аэрапорце цалкам добрыя: працуе міні-кавярня, можна ўпакаваць чамадан за 8 рублёў. Праўда, вада ў прыбіральні толькі халодная.










