Змены адбыліся не толькі ў інтэр’еры, але і ў канцэпцыі ўстановы. “Мы хочам зрабіць “У майстра” не проста галерэяй, а месцам, куды захочацца вяртацца зноў і зноў”, – кажуць супрацоўнікі. У арт-пляцоўцы будуць праводзіцца майстар-класы, семінары, лекцыі, кінапаказы. Завітаць сюды можна будзе і за ведамі, і за эмоцыямі.
Галерэя нанова адчынілася 25 мая выставай беларускага мастака Аляксандра Некрашэвіча “Аллегории. Метафоры. Гиперболы”. Аляксандр – лаўрэат шматлікіх беларускіх прэмій. У візуальных вобразах мастак закранае болевыя кропкі сучаснасці: змена пакаленняў, падмена ідэалаў на ілюзорныя каштоўнасці, міфатворчасць пасродкам масавай культуры і СМІ.
Што змянілася
Пасля рамонту ў галерэі стала больш прасторы за кошт светлых сцен. На шэрым фоне карціны выглядаюць лепш, лічаць супрацоўнікі. Таксама стала менш стэлажоў. Сцены ўпрыгожваюць скульптуры, а на ўваходзе наведвальнікаў сустракаюць стылёвые калонкі.
У галерэі “У майстра” гродзенцы змогуць выбраць добры падарунак, а турыст – сувенір, які будзе нагадваць пра наш горад. Тут ёсць эксклюзіўныя рэчы, якіх у Гродне больш нідзе няма: кераміка, упрыгожванні, тэматычныя футболкі. Такім чынам супрацоўнікі хочуць прышчапляць гродзенцам добры густ. Яны падкрэсліваюць, што ім вельмі важная зваротныя сувязь, а галерэя адкрытая для новых праектаў і прапановаў.
“У майстра” – найстарэйшая гродзенская прыватная галерэя. З лютага да канца мая 2018 упершыню за доўгі час была зачыненая на рамонт і рэбрэндынг.




















