Адзін з самых папулярных блогераў, якія спецыялізуюцца на Усходняй Еўропе, брытанец Конар Клайн наведаў бязвізавы Гродна. Гэта было сёлета ў красавіку. У маі на сваім канале на YouTube ён падзяліўся ролікам, у якім распавёў пра паездку.
Конар у мінулым адвакат, цяпер рэгулярна падарожнічае і здымае відэа. Брытанец наведаў каля 80 краін, уключаючы ўсе 50 еўрапейскіх.
«Зараз я спецыялізуюся на падарожжах ва Усходняй Еўропе з выкарыстаннем мясцовых моў, — распавядае Конар. — Мой канал — самы папулярны на YouTube сярод падарожнікаў гэтага рэгіёна. Я праводжу розныя сустрэчы, знаёмлюся з мясцовымі. Дарэчы, ведаю рускую мову, вучыў яе ў Адэсе. У мінулым годзе я зрабіў відэаролікі з Румыніі, Малдовы, Сербіі, Польшчы і Украіны. Сёлета наведаў Беларусь. У сакавіку быў Брэсце і Мінску, а ў красавіку прыязджаў у Гродна».
Каб прыехаць у Беларусь, брытанец скарыстаўся бязвізавым рэжымам. Пра гэта ён і распавядае ў сваім відэа. А яго ролікі глядзяць па ўсім свеце.
«Я хацеў паехаць у Гродна, бо ведаў, што гэта добры горад і знаходзіцца недалёка ад Варшавы. Я быў у Варшаве і вырашыў скарыстацца момантам — сеў на цягнік і прыехаў у Беласток, а на наступны дзень адправіўся праз мяжу ў беларускі горад, — кажа Конар.
За 5 дзён ў Гродне брытанец пабываў у сяброўкі, а таксама наведаў розныя кафэ, рэстараны і начныя клубы.
«У Гродна мне спадабалася, гэта зручны горад, дзе можна адпачыць на працягу некалькіх дзён. Я бачыўся з сяброўкай і яна зрабіла для мяне дранікі. Гэта было смачна. Таксама некалькі разоў выходзіў на шпацыр у цэнтр горада. Быў у рэстаране Kronon, што месціцца ў лесе. У позні час сутак я атрымліваў асалоду ад начнога жыцця горада, быў у Houdini і ў клубе БАЗА» , — распавёў падарожнік.
Брытанец сказаў, што яшчэ вернецца ў Гродна, вось толькі калі - яшчэ не ведае. Плануе ў наступны раз паехаць на Аўгустоўскі канал.