На аўтавакзале, вуліцы Маладзёжнай і стадыёне «Нёман» 22 мая пачалі ўсталёўваць новыя мадэрнізаваныя інфармацыйна-навігацыйныя стэнды для турыстаў. Такая навінка дапаможа гасцям горада лепш арыентавацца ў пэўнай яго частцы.
Першы пілотны стэнд з’явіўся на вуліцы Ажэшкі яшчэ восенню 2017 года. За некалькі месяцаў у аддзеле спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама дапрацавалі інфармацыю на стэндах, змянілі трохі дызайн, а таксама дадалі да англійскай і беларускай моў яшчэ і кітайскую.
Усяго па горадзе ў 2018 годзе плануюць устанавіць 12 інфармацыйна-навігацыйных стэндаў. На іх будзе інфармацыя пра важныя для турыста месцы крокавай даступнасці: гасцініцы, пункты абмену валют, паркінгі, кавярні, рэстараны, кінатэатры, музеі і г. д.