У Альшанку на ўрачыстасць прыехаў глава Каталіцкага Касцёла ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён расказаў, што ў дзяцінстве ездзіў у Гродна акурат па бетонцы, што вядзе да Альшанкі.
Свята Спаслання Святога Духа, або ў народзе Сёмуха, — галоўнае свята для католікаў Альшанкі, бо парафія носіць імя Святога Духа. На фэст тут зладзілі вялікае свята.
Галоўнае богаслужэнне праводзілі на адкрытым паветры, бо ўсе вернікі не змясціліся б у каплічцы. Дзеля гэтага ўсталявалі вялікі мабільны алтар на колах.
Урачыстасць узначаліў кіраўнік Мінска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён паходзіць з Адэльску.
Настаяцель парафіі ксёндз Павел Салабуда адзначыў, што тут мітрапаліт можа адчуваць сябе, як дома. Дарога з Альшанкі вядзе акурат на Адэльск.
— Упершыню я прыехаў па бетонцы ў Гродна на ровары, — прызнаўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп удзяліў моладзі сакрамант мірапамазання.
У той жа дзень малодшыя дзеці прымалі першае Прычасце.
— Новага чалавека стварае Святы Дух, які дзейнічае ў касцёле дзве тысячы год. Апосталы пасля прыходу Святога Духа з баязлівых становяцца рыцарамі веры. Яны выходзяць на вуліцы Іерусаліма і абвяшчаюць распятага і ўваскрослага Хрыста. І ўсе людзі іх разумеюць. Святы Дух далей дзейнічае ў Касцёле, каб нас весці да новага жыцця, — казаў у пропаведзі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У канцы богаслужэння мітрапаліт расказаў «прафесійны» жарт.
«Малады святар не ўмеў гаварыць пропаведзі. Біскуп прыехаў праверыць, як у таго атрымліваецца. Ксёндз рыхтаваўся ўсю ноч, але як выйшаў на амбон, на ўсё забыўся.
— Вы ведаеце, што я хачу вам сказаць? — запытаўся ён у вернікаў.
— Не.
— І я не ведаю. Амэн.
На другой спробе ўсё паўтарылася. Перад пропаведдзю святар забыўся тэкст.
— Вы ведаеце, што я хачу вам сказаць?
— Ведаем, — адказалі вернікі.
— Тады навошта вам нешта казаць? Амэн.
Біскуп даў трэцюю магчымасць.
— Вы ведаеце, што я хачу вам сказаць? — традыцыйна пачаў святар.
Людзі раздзяліліся. Палова сцвярджала, што ведае, рэшта — што не.
— Тады тыя, хто ведае, няхай раскажа тым, хто не ведае. Амэн.
Біскуп пахваліў маладога святара: менавіта так трэба навучаць добрай навіне".
Пасля богаслужэння дзяцей пачаставалі марожаным. На свята каля капліцы малыя таксама маглі паскакаць на батуце, пакатацца з надзіманых горак або паласавацца слодычамі. Увечары зладзілі канцэрт і салодкі стол.
Гарадскі выпускны пройдзе 13 чэрвеня на Савецкай плошчы. Запланавана ўрачыстае шэсце і выступленні беларускіх артыстаў.…
Заснавальніца рэкламнага агенцтва "На ўра" і ўдзельніца конкурсаў прыгажосці Лана Глумакова выпускае кнігу "Жаночы Магнетызм…
Ноч музеяў пройдзе ў Беларусі 17 траўня. У Гродне абяцаюць квізы і касцюміраваныя экскурсіі. У…
Для мадэрнізацыі пляжу на Юбілейным возеры купяць абсталяванне. Там з'явяцца гульнявы комплекс "Князь Гедымін" з…
Гродзенская IT-кампанія "Цэнтр Прагрэсіўных Распрацовак" падала заяву аб банкруцтве. Доўг фірмы - амаль 302 тыс.…
На пляцоўцы «Куфар» з'явіліся аб'явы аб продажы гатовых ботаў, якія дапамагаюць адшукаць і заняць вольныя…