Першы ў Беларусі Дом для маці, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, адкрылі ў Гродне 17 мая на вуліцы Карла Маркса. Такая ініцыятыва належыць каталіцкай царкве, а менавіта сёстрам кангрэгацыі Святой Сям'і з Назарэта.

Дом для маці «Назарэт» мае 8 пакояў, вялікую кухню і гасцёўню. У такі будынак для дапамогі могуць патрапіць жанчыны, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, ці калі стаіць пытанне аб захаванні жыцця дзіцяці. Сёстры-назарэцянкі будуць таксама аказваць жанчынам псіхалагічную і духоўную падтрымку.

Трапіць у такое месца можна бясплатна, галоўнае — звярнуцца да сясцёр. Пакоі для часовага пражывання ў будынку цалкам прыстасаваны для жанчын з маленькімі дзецьмі.

«Каталіцкі касцёл пастаянна імкнецца быць бліжэй да людзей, асабліва да тых, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Новая ініцыятыва — дом для жанчын з маленькімі дзецьмі, які адкрылі сёстры ў Гродне — гэта яшчэ адзін крок, каб падаць руку людзям, якія жывуць у нястачы. Каб прыслухацца да іх болі і патрэбаў. Перш за ўсё хацелася б, каб жанчыны маглі адчуць у гэтай установе любоў і ўвагу, якой яны вартыя. Касцёл памятае пра іх»,

— распавёў прэс-сакратар гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі ксёндз Юрый Марціновіч.