Яшчэ гадоў 5 таму вуліца 1-я Працоўная ў цэнтры Гродна мела шэраг закінутых пабудоў. Сёння яна прыкметна змяняецца. Там можна ўбачыць банк, крамы, офісы і папулярную ў горадзе італьянскую піцэрыю. На пачатку мая рабочыя ўзяліся і за апошнюю закінутую пабудову на вуліцы. Яе прывядуць у парадак да 2019 года.
Закінуты дом № 6 па вуліцы 1-я Працоўная быў пабудаваны на пачатку XX стагоддзя, як аднапавярховы маленькі дом (на тры акна). У свой час у пабудове была гандлёвая крама і склад, а таксама жылі людзі, якіх адсялілі ў пачатку 2000-х гадоў. У будучыні ў будынку могуць адкрыцца офісы ці крамы. Хто з’яўляецца ўласнікам старой пабудовы, пакуль невядома, але працы на аб’екце пачаліся.