Лабараторнае даследаванне дзіцячых цацак правёў Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Выпрабаванне на якасць прайшлі не ўсё — некаторыя цацкі, які знаходзяцца ў продажы, аказаліся небяспечнымі для здароўя.

Напрыклад, у наборы для малявання, ляльцы і надзіманым коле кітайскай вытворчасці было перавышэнне фармальдэгіду, фенолу амаль у 30 разоў. Паступаючы ў арганізм, фармальдэгід выклікае алергію, злаякасныя пухліны, лейкамію, адмоўна ўплывае на дыхальныя шляхі, органы зроку, ныркі і печань. Патрапіўшы на скуру, можа выклікаць кантактны дэрматыт, захворванні пазногцяў, крапіўніцу, сверб, пачырваненне.

Фенол жа, пракраўшыся праз дыхальныя шляхі, скуру, слізістую абалонку вачэй можа нанесці апёкі. Пры яго ўдыханні ў вялікіх канцэнтрацыях парушаецца мазгавая дзейнасць, можа спыніцца дыханне, піша «Перспектыва».

[irp posts="61 325″ name="Ці дасць Кока-Кола" грошы на ачыстку Белага возера, якое забрудзілі нафтапрадуктамі?"]

У продажы таксама знайшлі занадта гучную цацку — электрамеханічны пісталет кітайскай вытворчасці са светлавымі і гукавымі эфектамі. Пастаяннае ўздзеянне моцнага шуму можа выклікаць звон у вушах, галавакружэнне, галаўны боль, павышэнне стомы.

Таму санітарная служба раіць бацькам не саромецца патрабаваць у прадаўца дакументы, якія пацвярджаюць якасць тавару, звяртаць увагу на пах цацкі, трываласць афарбоўкі. Калі нешта насцярожвае, лепш не набываць.

[irp posts="61 099″ name="У Пышках і чатырох дварах. Глядзіце, дзе ў Гродне з’явяцца новыя класныя дзіцячыя пляцоўкі"]