Возера Белае і яго пляж забруджаны нафтапрадуктамі, маторнымі алеямі, цяжкімі металамі і солямі. Спецыялісты лічаць, што яго патрэбна тэрмінова ратаваць ачышчальным абсталяваннем, якое каштуе немалых грошай. Даць іх у наступным годзе збіраюцца фонды «Кока-Колы» і «Глабальнай воднай праблемы» у межах праграмы «Новы свет».

Побач з возерам адабралі пробы глебы, зрабілі аналіз вады. Аказалася, што зямля і вада забруджаныя, маюць пагрозу для здароўя людзей, а стан самой экасістэмы можа быць незваротна парушаны. Найбольш забруджанай апынулася глеба каля вадаёма. Там знайшлі нафтапрадукты, якія «сцякаюць» з трасы, а таксама свінец, кадмій і медзь, піша «Перспектыва».

У вадзе знайшлі эўгленавыя водарасці і хларэлы. Гэта значыць, што возера моцна забруджана арганічнымі злучэннямі і цяжкімі металамі. Калі водарасці масава адміраюць і раскладаюцца, становіцца менш кіслароду, праз што гіне падводны свет.

Возера Белае — адной з найвялікшых на Гродзеншчыне. Яно ўзаемазвязана дробнымі рэчкамі і пратокамі з цэлай сістэмай іншых вадаёмаў і балотаў, якія засяляюць каштоўныя віды раслін і жывёл, сярод іх — каля 15, занесеных ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Калі ідэю падтрымаюць, заказнік «Азёры» за кошт гранта закупіць пясканафтааддзяляльнік. У ідэале — патрэбны два такія апараты. Таксама плануюць распрацаваць праектную дакументацыю, каб стварыць сістэму ачышчэння сцёкавых вод, якія трапляюць у возера.