У інтэрнэце з’явіўся Цэнтр правоў прызыўніка, які можа стаць платформай для стасункаў вайскоўцаў і дапаможа змагацца з дзедаўшчынай у войску.
Стваральнікі праекта кажуць, што платформа дазволіць зрабіць войска больш празрыстым і распазнаць тых, хто любіць злоўжываць сілай і службовым становішчам.
Партал povestka.by распавядае прызыўнікам, дапрызыўнiкам, ваеннаабавязаным, вайскоўцам і альтэрнатыўшчыкам пра іх правы, законы і тое, як абараніць сябе ад несправядлівасці падчас прызыву ў войска. На сайце можна знайсці адказы на пытанні прызыўнікоў або задаць пытанне онлайн.
За 2017 год сайт наведала больш за 100 тыс. чалавек, яны задалі больш за 2000 пытанняў і правялі на сайце больш за 12 000 гадзін за чытаннем матэрыялаў.
Актывісты хочуць маштабаваць праект, для гэтага патрэбна народная падтрымка. Цяпер на платформе Talaka пачаўся збор сродкаў на аплату хостынга і дамена ў гэтым годзе. Да гэтага чатыры гады ў развіццё рэсурсу актывісты ўкладвалі свае грошы.«Да нас часта звяртаюцца прызыўнікі, якія хочуць ведаць, а як служыцца ў нейкай канкрэтнай вайсковай частцы, ці ёсць там дзедаўшчына, як кормяць і інш. Паколькі мы самі там не знаходзімся, то адказаць на гэтыя пытанні не можам. Але мы нацэлены на тое, каб наша платформа стала форумам для зносін прызыўнікоў, і тых, хто ўжо служыць,» — патлумачыў адзін з актывістаў праекта Сямён Гаўрыленка.
Падтрымаць праект можна тут.
