11 мая на сцэне Купалаўскага тэатра сталі вядомыя імёны 5 лепшых юных чытальнікаў Беларусі. Сярод пераможцаў конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» – гродзенкі Маліка Мірзаліева з гімназіі №1 і Марыя Новік з сярэдняй школы №22. Ім уручылі смартфоны Apple ад кампаніі velcom.
На працягу 8 месяцаў больш за 2 тысячы вучняў 7-8 класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі змагаліся за права выступіць у фінале і атрымаць галоўны прыз конкурсу – iPhone. У межах першага этапу конкурсу ўдзельнікі размясцілі ў сацыяльных сетках 2048 відэазапісаў з чытаннем твораў аўтарства беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. З іх вызначылі па 30 лепшых ад кожнай вобласці і Мінска.
Падчас фіналу на сцэне Купалаўскага творы беларускіх аўтараў прадставілі 35 вучняў. Кожнаму ўдзельніку на выступленне было адведзена 2 хвіліны.
«Дзякуючы сучасным тэхналогіям мы звярнулі ўвагу дзяцей на прыгажосць беларускага слова, велізарны і разнастайны пласт выдатных твораў нашых аўтараў, – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.
Cтаршыня журы конкурсу Уладзімір Ліпскі кажа, што гэта было сапраўднае свята беларускай мовы і культуры.
“Дзеці з усёй краіны паказалі, на колькі важна захоўваць самы галоўны скарб – родную мову. Талент кожнага ўдзельніка конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» мяне, на самой справе, уразіў” – сказаў ён.
