У Гродне да лета з’явіцца яшчэ адзін пляж на беразе Нёмана. Зараз гэтым праектам займаецца Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» на базе адпачынку «Прывал».

Берагавую паласу разаб’юць на пляжную і спартыўную зоны. У апошняй з’явяцца спартыўныя пляцоўкі для пляжнага валейбола і футбола. Таксама тут пабудуюць пірс і прычал для захоўвання маламерных судоў і месца спуску да іх. На пляжнай зоне, разлічанай на 150 чалавек, будуць парасоны, пітныя фантаны, кабінкі для пераапранання, душавыя кабіны, санвузлы. Паміж зонамі будуць пешаходныя дарожкі.

Кіраўніцтва фабрыкі плануе купіць катэр на паветраных падушках і пабудаваць канатны мост праз Нёман у бок Пышкоў для пешаходаў і раварыстаў, піша «Гродзенская праўда».

[irp posts="61 346″ name="Гродзенскія пляжы рыхтуюць да адкрыцця сезону"]

Дзе яшчэ дазволяць адпачываць?

На тэрыторыі Гродна будуць функцыянаваць чатыры зоны адпачынку на вадаёмах. Гэта — Цэнтральны пляж, возера Юбілейнае, пляжы ва ўрочышчах Ласосна і Пышкі.

У спісе месцаў масавага адпачынку — возера Белае, сажалкі каля вёскі Сухаўляны і аграгарадка Луцкаўляны. Там, дзе ёсць выратавальныя пасты.

Таксама плануюць уладкаваць пляж на возеры Малочнае ў Парэччы. На гэта выдзеляць 50 тысяч рублёў, піша «Перспектыва».

Цягам купальнага сезона спецыялісты санслужбы будуць двойчы ў месяц адбіраць пробы для даследавання па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках. Летась агулам праверылі 405 зон адпачынку ля вады і знайшлі парушэнні на 53 з іх. Так, у Гродне забаранілі купацца на Цэнтральным пляжы.

[irp posts="61 768″ name=" Не прыкол, а лад жыцця". Гродзенец распавёў, як пачаў хадзіць басанож па вуліцы"]