Амерыканскія студэнты Улад і Нэт вырашылі прыехаць у Беларусь у пачатку мая: адкрыць для сябе новую краіну, убачыць спадчыну Савецкага саюза і пазнаёміцца з мясцовым амерыканскім футболам.
Спачатку студэнты з Мічыгана планавалі трапіць у Расію, але ў апошні момант змянілі маршрут і абралі Беларусь, дзе для замежнікаў дзейнічае бязвізавы рэжым. Дагэтуль хлопцы ўжо пабывалі ў больш за 30 краінах свету.
«Зараз у нас вакацыі і мы вырашылі куды-небудзь з’ездзіць у Еўропу. Планавалі ў Расію, але з-за рознагалоссяў Пуціна і Трампа нам бы давялося раскашэльвацца на візы. Выбралі Беларусь, куды было проста патрапіць. Даляцелі да Амстэрдама, а адтуль прамым рэйсам да Мінска», — распавядае Нэт.
Амерыканскі футбол у Гродне — спартовая падзея
Акрамя сталіцы хлопцы вырашылі паглядзець і Гродна, дзе якраз на выходных праходзіла адкрыццё чэмпіянату па амерыканскім футболе.
«Мы ўбачылі ў інтэрнэце навіну, што ў Гродне пройдзе адкрыццё чэмпіянату Беларусі па амерыканскім футболе, і вырашылі з’ездзіць. Мы чакалі ўбачыць сапраўднае свята, бо праходзіў першы матч. Думалі, футбол будзе як у Штатах, але тут апынулася ўсё сціплейшым. — кажа Улад. — У нас амерыканскі футбол — гэта бізнес і свята, людзі ходзяць на яго сем’ямі. А ў Гродне гэта больш спартовая падзея і прыйшлі тыя, хто цікавіцца гэтым спортам. Мы не заўважылі ніякай рэкламы, ні чэрлідараў ці талісманаў каманды, ні хот-догаў і вялікіх экранаў. Узровень футболу? У Гродне ён добры, але гуляюць людзі розных узростаў. У нас жа гуляюць студэнты — яны прыкладна аднаго ўзросту і адной камплекцыі».
У Беларусі адчуваеш сябе ў бяспецы
Нягледзячы на адсутнасць святочнага антуражу на адкрыцці чэмпіянату Беларусі, амерканцы засталіся задаволеныя паездкай у Гродна. Тут яны шмат фатаграфаваліся, адкрылі для сябе мясцовую архітэктуру, пабывалі на гастрафэсце, дзе адзначылі кухню і яе таннасць.
«Паглядзелі горад, які не падобны да іншых, якія мы бачылі раней. У цэлым Беларусь нам спадабалася. Тут чыста і акуратна, асабліва ў Гродне. Столькі зеляніны не сустрэнеш у амерыканскіх гарадах.
Гэты горад унікальнае месца, дзе захавалася шмат усяго старога і савецкага: танк і Ленін на плошчы, дамы аднолькавыя і многае іншае. І кошты тут вельмі нізкія. Менавіта ўсё гэта і можа прыцягнуць сюды амерыканскіх турыстаў. І галоўнае, тут можна зайсці ў любы раён і адчуваць сябе бяспечна. У нас у Штатах няма такога. Напрыклад, у Дэтройце ты спакойна не паходзіш. Так што ў Беларусь можна яшчэ вярнуцца, галоўнае каб людзі тут больш на англійскай мове сталі размаўляць".