У Гродне 5 мая матчам «Варвараў» і «Ураганаў» стартаваў першы ў гісторыі Беларусі чэмпіянат па амерыканскім футболе. Першая гульня для гродзенскай каманды скончылася паразай. На сваім полі «Варвары» прайгралі мінскай камандзе з лікам 40:7.

У выхадны дзень падтрымаць «Варвараў» на старце чэмпіянату прыйшла вялікая колькасць гродзенцаў, але нават падтрымка родных сцен не дапамагла камандзе Аляксея Серабракова абыграць суперніка. Гродзенцы адразу прайгралі старт матчу і адыграцца ў ходзе гульні ім было ўжо вельмі праблематычна.

Чэмпіянат Беларусі, у якім удзельнічаюць чатыры каманды, будзе праходзіць па кругавой сістэме, дзе ўсе супернікі згуляюць адзін з адным. Па выніках рэгулярнага сезону вызначацца пасевы для стадыі плэй-оф. Першая каманда ў турнірнай табліцы прыме на сваім полі чацвёртую, а другая — трэцюю. Фінал пройдзе 14 ліпеня ў Гродне.

Наступны матч «Варвары» правядуць у Віцебску 26 мая, дзе сустрэнуцца з мясцовымі «Рысямi».