Паказаўшы добрую гульню ў Мінску ў нядзелю 6 мая супраць «Іслачы», «Нёман» здолеў атрымаць другую перамогу ў чэмпіянаце. Заробленыя 3 ачкі ў сталіцы, палепшылі становішча гродзенцаў у турнірнай табліцы.
Яшчэ перад матчам у каманды Ігара Кавалевіча паўсталі чарговыя цяжкасці са складам: за пару дзён да гульні на трэніроўцы пашкоджанне атрымаў Лукашэвіч, а літаральна на перадматчавай размінцы — траўму выявілі ў Бебе. Кавалевічу прыйшлося выстаўляць у старт незапланаваных гульцоў. Але нават з паслабленнем ў складзе гродзенцы паказалі ў Мінску добры футбол, у якім дамінавалі на працягу ўсяго матчу. Ды і з рэалізацыяй у жоўта-зялёным стала лепш.
«Нёман» першым адкрыў лік у матчы і зрабіў гэта на 34-й хвіліне пры дапамозе пенальці. Гаспадары парушылі у сваёй штрафной і суддзя паказаў на кропку. Адзінаццаціметровы у жоўта-зялёных рэалізаваў Валерый Жукоўскі. «Іслач» здолела адыграцца на старце другога тайма, дзякуючы таксама рэалізаванаму пенальці. Дакладны ўдар на свой рахунак запісаў Камароўскі.
Прапушчаны мяч на старце другой паловы не зламіў гродзенскую каманду, а яшчэ больш падштурхнуў ісці наперад. Упартасць і праца каманды Ігара Кавалевіча прывяла да чарговага гола. Свой першы мяч за «Нёман» і як апынулася пераможны забіў на 58-й хвіліне Мікалай Януш. Пасля перадачы Квашука ў штрафную нападнік дакладна сыграў галавой.
«Іслач» — «Нёман» — 1: 2
Ігар Кавалевіч пасля матчу:
— Здабылі вельмі важныя тры ачкі. «Іслач» — добрая каманда, у гэтым чэмпіянаце яна яшчэ не прайгравала. Лічу, сёння перамаглі цалкам заслужана, хоць далося гэта з цяжкасцю. На жаль, праблемы з траўмамі. Учора на трэніроўцы атрымаў пашкоджанне Макс Лукашэвіч, сёння перад гульнёй Бебей. Напэўна, нас пракляў нехта. Тым не менш удзячны хлопцам за мужчынскі характар. Яны паказалі добры футбол. Карацей, Букаткіну трэба ісці семкамі гандляваць. А лепш — жаночымі пракладкамі. Таму што правакаваў усю гульню. Накшталт з Салігорску я яго браў - мужыком быў, а цяпер стогне, плача … Увогуле, віншую сваю каманду з перамогай.
Пасля шасці тураў «Нёман» размясціўся на 6-м месцы ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 9 ачкоў.
Наступны матч каманда Ігара Кавалевіча правядзе ў Гродне 13 мая і будзе прымаць «Гарадзею».