Ад 4 да 24 мая праект «Анёлы над горадам» і партал Hrodna.life ладзяць конкурс “Сэлфі з анёламі”. Мэта гэтай акцыі – падтрымаць вяртанне ў горад яго самых старажытных анёлаў. Тых, што трымаюць каралеўскі герб на  першай праўдзівай выяве Гродна –  гравюры  Ё. Адэльгаўзера і М. Цюнта.  Проста зрабі сэлфі з любым з гарадскіх анёлаў і атрымай дызайнерскую налепку. Паспяшайцеся: першыя 24 удзельнікі у дадатак да налепак атрымаюць стылёвы магніт з анёламі. А таго, чыё анёльскае сэлфі назбірае найбольш падабаек, чакае адмысловы падарунак!

Сустрэць у Гродне анёла не складана. Іх выявы  ў горадзе –  даніна еўрапейскай традыцыі, а наш горад па праву лічаць адным з самых еўрапейскіх гарадоў Беларусі.

Анёлы ў Гродне месцяцца на сценах, вежах і брамах горада, яны хаваюцца паміж старонкамі кніг ці ўпрыгожваюць  палічкі кватэр.  Іх шмат, але анёлаў многа не бывае!

Тое, што хутка ў горад вернуцца і анёлы з гравюры Ё. Адэльгаўзера і М. Цюнта – наша агульнае дасягненне. То прывітайма анёлаў сваімі гасціннымі сэлфі!

Чытайце яшчэ:  Рэдкая гравюра Гродна будзе і ў Беларусі. Грошы на праект сабралі за 13 дзён

Каб узяць удзел у акцыі «Сэлфі з анёлам» проста дадайце свой здымак з анёлам на ўласную старонку ў сацыяльных сетках і пазначце яго хэштэгам #анёлынадгорадам і  #hrodnalife. Анёлам на здымку можа быць скульптура, малюнак, цацка – на ваш выбар.


Усе ўдзельнікі акцыі  атрымаюць стылёвыя налепкі “Анёлы над горадам”. Забраць іх можна будзе ў краме “Цудоўня” па адрасу Кірава, 3.

Зрабі  "Сэлфі з анёлам" і атрымай падарунак

Аўтару здымка, які набярэ найбольш падабаек на 24.00 24 мая, арганізатары акцыі падораць  адмысловы падарунак

Дапаможам анёлам узняцца над каралеўскім  Гродна!

Натхненне і падказкі шукайце ў здымках артыкула, на вуліцах горада, на старонках кніг і ў сваіх сэрцах.

Падтрымаць праект “Анёлы над горадам” фінансава і атрымаць унікальную каляровую выяву старога Гродна 102 х 36 см можна па спасылцы.